Андрэй Ярмак і Андэрс Фог Расмусэн прэзентавалі рэкамендацыі для гарантыяў бяспекі Украіны


Кіраўнік офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак і 12-ы генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн 13 верасня прэзентавалі ў Кіеве рэкамендацыі для гарантыяў бяспекі краіны, распрацаваныя на даручэнне прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Аб гэтым паведамляе афіцыйны сайт прэзідэнта Украіны. 

Падчас прэзентацыі пакету рэкамендацыўш, Кіеў, 13 верасня.
Фота: president.gov.ua

У складзе экспертнай групы, што распрацавала рэкамендацыі, увайшлі спецыялісты з усяго дэмакратычнага свету, у тым ліку былыя прэмʼер-міністры, міністры, іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі, навукоўцы.

У рэкамендацыях змяшчаецца заклік да стварэння Кіеўскай дамовы аб бяспецы – супольнага дакументу аб стратэгічным партнёрстве, які абʼяднае Украіну і дзяржавы-гаранты.

Рэкамендацыі прадугледжваюць шматузроўневы падыход да гарантыяў. Чакаецца, што асноўная група хаўруснікаў возьме на сябе дакладныя абавязацельствы дзеля падтрымвння Збройных сілаў Украіны. А больш шырокая група прадставіць неваенныя гарантыі, заснаваныя на механізмах санкцыяў.

Прадстаўляючы дакумент, Ярмак зазначыў, што ён быў распрацаваны ў беспрэцэдэнтны перыяд найноўшай гісторыі, калі адбываецца акт поўнамаштабнай агрэсіі ядравай дзяржавы і чальца Рады Бяспекі ААН супраць суверэннай еўрапейскай дзяржавы.

«Украіна з дапамогай саюзнікаў паспяхова супрацьстаіць гэтаму наплыву. Аднак – гэтага нельга не заўважыць – рашэнні часта даводзілася прымаць неадкладна, і выпрацоўванне механізмаў гэтай дапамогі патрабавала шмат часу, якога заўсёды не хапае на вайне і які аплачваецца болем, крывёю і жыццямі», – адзначыў Андрэй Ярмак.

Кіраўнік АП падкрэсліў, што ўкраінцы сарвалі планы агрэсара і абаранілі сваю дзяржаву, а акупаваныя землі абавязкова будуць вернутыя. У той жа час неабходна гарантаваць поўную бяспеку Украіны ў будучыні. І зрабіць так, каб лозунг «Можам паўтарыць» выклікаў у расейцаў панічныя атакі і дрэнныя ўспаміны.

Ярмак падкрэсліў, што пагадненне аб гарантыях бяспекі для Украіны не замяняе ўступлення ў NATO – гэта сродак гарантавання бяспекі да моманту гэтага ўступлення.

Былы генеральны сакратар NATO і прэмʼер-міністр Даніі Андэрс Фог Расмусэн адзначыў, што перамога Украіны ў гэтай вайне застаецца непасрэдным прыярытэтам.

«Проста цяпер украінцы дэманструюць на перадавой, што з неабходнымі рэсурсамі яны могуць перамагчы Расею на полі бою. Украінцы дэманструюць жаданне змагацца, і дэмакратычны свет павінен працягваць забяспечваць іх сродкамі для гэтага. Калі гэтая вайна скончыцца, мы павінны гарантаваць, што Расея больш ніколі не зможа ўварвацца ва Украіну», – падкрэсліў ён.

Паводле Андэрса Фог Расмусэна, найлепшы спосаб зрабіць гэта – каб Украіна мела значныя вайсковыя сілы, здольныя супрацьстаяць любой будучай расейскай атацы. Стварэнне і ўтрыманне такіх сілаў запатрабуе прыхільнасці саюзнікаў Украіны на працягу дзесяцігоддзяў. «Прыняцце гэтых рэкамендацыяў стане магутным сігналам Уладзіміру Пуціну», – адзначыў Расмусэн.

Сярод рэкамендацыяў – неаобходнасць шматгадовых стабільных інвестыцыяў у абаронна-прамысловую базу Украіны, маштабная перадача зброі і разведвальнай падтрымкі саюзнікаў, інтэнсіўныя навучальныя місіі і супольныя вучэнні пад эгідай Еўразвязу і NATO. Гарантыі бяспекі мусяць быць выразна сфармуляваныя. «Кіеўская дамова аб бяспецы» павінна абʼяднаць асноўную групу краінаў-саюзніц і Украіну. Гэтую групу дзяржаваў-гарантаў могуць складаць ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Польшча, Італія, Нямеччына, Францыя, Аўстралія, Турцыя, а таксама краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Сёння ж рэкамендацыі былі прадстаўлены прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму:

«Я падрабязна азнаёміўся з гэтым дакументам. Мяркую, што ён падрыхтаваны на высокім узроўні. Гэта першы, але вельмі важны крок. Гэтыя рэкамендацыі павінны стаць асновай будучай дамовы аб бяспецы», – адзначыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Поўны пакет рэкамендацыяў размешчаны на сайце прэзідэнта Украіны.

 

АТ belsat.eu

Стужка навінаў