Дэпутат Смаленскай абласной думы: Расея павінна быць разбурана


13 жніўня ў Варшаве адбылося мерапрыемства, падчас якога было абвешчана аб стварэнні палітычнай арганізацыі прыхільнікаў незалежнасці Смаленшчыны і быў прэзентаваны сцяг вольнага Смаленска, паведамляе карэспандэнт «Белсат».

Тэмай канферэнцыі з’яўлялася стварэнне ў Варшаве Смаленскага рэспубліканскага цэнтра – палітычнай арганізацыі прыхільнікаў незалежнасці Смаленшчыны ў шчыльным хаўрусе з будучай Беларуссю.

Дэпутат Смаленскай абласной думы РФ Уладзіслаў Жывіца (злева) дэманструе сваё дэпутацкае пасведчанне. Варшава, 13 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Спікерам на мерапрыемстве быў дзеючы дэпутат Смаленскай абласной думы РФ Уладзіслаў Жывіца, які расказаў аб прычынах, што заахвоцілі яго стварыць у эміграцыі Смаленскі вызваленчы рух, і заклікаў далучыцца да гэтага руху смаленскіх чыноўнікаў і дэпутатаў усіх узроўняў. У сваёй прамове ён адзначыў, што «Расея павінна быць разбурана».

Сцяг вольнага Смаленска, прэзентаваны на прэс-канферэнцыі. Варшава, 13 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Падчас прэс-канферэнцыі быў прэзентаваны сцяг вольнага Смаленска.

Уладзіслаў Жывіца з’яўляецца адзіным дзеючым дэпутатам рэгіянальнага парламенту, які адкрыта выступіў за незалежнасць свайго рэгіёну, гаворыцца ў прэс-рэлізе мерапрыемства.

Другім выступоўцам падчас прэс-канферэнцыі стаў дэлегат Каардынацыйнай рады Беларусі, журналіст і экс-рэдактар каналаў Nexta Ян Рудзік, які распавёў пра значэнне Смаленшчыны для Беларусі і беларусаў, а таксама адзначыў, што Смаленск спачатку павінны стаць незалежным, а пазней у выніку розных інтэграцыйных праектаў мусіць далучыцца да Беларусі, вызначаць гэта павінны самі жыхары Смаленшчыны праз рэферэндум.

На прэс-канферэнцыі прыхільнікаў незалежнасці Смаленшчыны. Варшава, 13 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Рудзік падкрэсліў, што спачатку павінна адбыцца «дэакупацыя» Смаленска ў вайне Расеі супраць Беларусі. Для жыхароў Смаленшчыны, для якіх гэта будзе неабходна, будзе арганізаваны гуманітарны калідор. А смаляне з беларускімі каранямі змогуць атрымаць пашпарт новай Беларусі.

На прэс-канферэнцыі было заяўлена аб тым, што Смаленскі рэспубліканскі рух будзе цесна супрацоўнічаць з палком Каліноўскага для вызвалення Смаленшчыны, а тыя смаляне, якія гэтага жадаюць, змогуць далучыцца да яго шэрагаў.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе мерапрыемства, ідэі аднаўлення самастойнай Смаленскай дзяржаўнасці ў цесным хаўрусе з будучай новай Беларуссю і іншымі краінамі, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую, з лета 2022 года папулярызуюцца тэлеграм-каналам «Смаленская Рэспубліка».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў