Беларусы Польшчы ладзяць футбольны турнір на знак салідарнасці з Аляксандрам Івуліным


Турнір на знак салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Івуліным пройдзе ў Варшаве 14 жніўня. На яго збяруцца 16 камандаў з усёй Польшчы, сярод іх і каманда «Белсату». Старт спаборніцтваў а 10:00. На футбольным поле можна будзе пабачыць адну з галоўных зорак беларускага футболу – Іллю Шкурына.

Арганізатарам спаборніцтваў выступіў Беларускі дом у Варшаве, і спачатку планавалася, што на турніры згуляюць 8–10 камандаў, але ў выніку заявак аказалася так шмат, што сабралася адразу 16 калектываў, якія ў выніку лёсавання былі разбітыя на чатыры групы.

Хто згуляе на турніры

Група А: «Dzieciuki United», «АTAM», «Białe Żubry», «Qwerty»

Група В: «Тун-Тун WORSHAwa», «Зборная НАУ-ЧЛ», «Банда Кривцова», «Team Ivulin»

Група C: ФК «Хурма», «РУХавік», «Playball», «BLM»

Група D: «Белсат», «Зубры Падляшша», «Падбярозавікі», «BSSF»

Супернікі згуляюць адзін з адным у сваіх групах, а дзве найлепшыя каманды выйдуць у плэй-оф. Цікава, што на турніры змагаюцца розныя людзі: палітычныя рухі, фанацкія аб’яднанні, журналісты, музыкі, спартоўцы.

Напрыклад, «Białe Żubry» – каманда, створаная летам 2021 года, у яе склад уваходзяць толькі беларусы Паморʼя, асноўная частка якіх была змушаная з’ехаць з Беларусі пад ціскам рэпрэсіяў дыктатарскага рэжыму. Каманда выступае ў аматарскай Футбольнай лізе Труймяста. З іншай часткі Польшчы – «Зубры Падляшша», гэты калектыў толькі створаны і абʼядноўвае беларусаў, якія жывуць у Беластоку. А вось «Playball» складаецца з берасцейцаў. Але самы зорны склад сабрала каманда Беларускага фонду спартовай салідарнасці: Ілля Шкурын, Дзяніс Парэчын, Сяргей Міхайлаў, Зміцер Байдук і, магчыма, Аляксандр Хацкевіч.

Галоўная зорка

Нагадаем гісторыю Шкурына. Гэты 22-гадовы форвард у 2019 годзе забіў 19 галоў у чэмпіянаце Беларусі і стаў найлепшым яго бамбардзірам. Пасля чаго зʼехаў у маскоўскі ЦСКА. У сярэдзіне жніўня 2020 года, пасля масавага гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў, нападнік трапіў у пашыраны спіс нацыянальнай зборнай Беларусі, на што футбаліст адказаў у сваім Instagram:

«Пра траплянне ў пашыраны спіс зборнай краіны зноў даведаўся праз сацыяльныя сеткі, таму свой адказ пішу таксама тут. Рэпрэзентаваць інтарэсы нацыянальнай каманды я адмаўляюся да таго часу, пакуль дзее рэжым Лукашэнкі. Жыве Беларусь!»

Беларуская федэрацыя футболу спрабавала распачаць супраць Іллі рэпрэсіі, але тое аказалася марна. У 2021 годзе Шкурын выступаў за кіеўскае «Дынама», а апошнім ягоным клубам быў польскі «Ракуў».

Артыкулы
«Ніхто не мае права ўмешвацца ў тое, як яму паказваць футбол». Гісторыя Аляксандра Івуліна
2022.02.08 10:38

Хто такі Івулін

Нагадаем, што Аляксандр Івулін – беларускі журналіст, аўтар праекту «ЧестнОК» і гулец футбольнага клубу «Крумкачы». Ён быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года, а 19 студзеня засуджаны на 2 гады калоніі. 10 жніўня Аляксандру споўнілася 30 гадоў.

«Нягледзячы на ціск рэжыму і жахі зняволення, ён заўсёды застаецца жыццярадасным і ўпэўненым у нашай перамозе. Саша абавязкова выйдзе, а гэты турнір стане напамінам аб ягонай барацьбе», – заяўляюць арганізатары спаборніцтва.

Усе матчы турніру будуць згуляныя ў Варшаве па адрасе: Kompleks sportowy Orlik, Ul. Przy Bażantarni, 3.

Hавiны
Польшча выдала беларусам больш за 350 тысяч віз пасля выбараў 2020 года
2022.07.20 16:09

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў