Матэрыялы TUT.by і Zerkalo.io прызналі «экстрэмісцкімі»


Пакараць могуць любога, хто падзяліўся «тутбаеўскай» навіной у сацсетках, калі рашэнне набудзе моц.

Плакат у падтрымку журналістаў. Марш вызвалення палітвязняў, 4 кастрычніка 2020.
Фота: ТК / Белсат

Суд Цэнтральнага раёну Менску 13 жніўня разглядзеў позву ад Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі і прызнаў інфармацыйную прадукцыю парталаў TUT.by і парталу былых супрацоўнікаў «Тутбая» Zerkalo.io «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша Zerkalo.io.

«Экстрэмісцкай» прызналі як матэрыялы на сайтах, так і пасты ў Telegram, TikTok, Twitter, Viber, «Аднакласніках» і «УКантакце», а таксама лагатыпы TUT.by і Zerkalo.io.

Чаму?

Мітынг журналістаў на знак салідарнасці з затрыманымі калегамі. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 года.
Фота: TUT.by

Тлумачэнне МУС пра Zerkalo.io было такім:

«На інтэрнэт-рэсурсе Zerkalo.io журналістамі каманды TUT.by працягваецца інфармацыйнае ціск, накіраваны на размяшчэнне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады.

Інфармацыя падаецца аднабакова, з негатыўнай ацэнкай дзейнасці дзяржаўных органаў, дзе завуалявана (ад трэцяй асобы) пад выглядам інфармацыйных паведамленняў фармуецца кантэнт, які стварае масіраваны інфармацыйны ціск на падпісантаў.

Ажыццяўляецца прапаганда пратэставай актыўнасці ў грамадстве (так званыя флэшмобы), накіраваная на фармаванне і падтрыманне пратэставага настрою сярод грамадзянаў і дэстабілізацыю грамадскай абстаноўкі ў краіне».

Адносна TUT.by МУС пісала таксама пра «лінгвістычныя прыкметы высмейвання і абразы, негатыўную ацэнку дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных групаў асобаў, што вылучаюцца паводле прафесійнай прыкметы» і пра тое, што на партале «ў агульным кантэксце ажыццяўляецца проціпастаўленне групаў асобаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, і іншых групаў, якія ўключаюць «дзейную ўладу», «сілавікоў», АМАП, працаўнікоў ЦВК, «праўладных» і да таго падобнае».

Hавiны
Кліп «Баю-бай» берасцейскіх панкаў «Дай дарогу!» сабраліся прызнаць «экстрэмісцкім»
2021.08.03 13:12

Што далей?

Рашэнне яшчэ не набыла моц, парталы не ўнесеныя ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Кіраўніцтва парталаў збіраецца абскардзіць рашэнне.

Калі ж рашэнне набудзе моц, пакараць змогуць любога, хто падзяліўся навіной парталаў ці нават фота з іх лагатыпам у сацыяльных сетках ці нават прыватных паведамленнях. Беларускія сілавікі трактуюць закон так, што караюць і за пасты і паведамленні, зробленыя да прызнання матэрыялаў «экстрэмісцкімі». Паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ за гэта могуць аштрафаваць на суму ад 290 да 870 рублёў, арыштаваць, а таксама забраць тэхніку, якую прызнаюць «сродкам учынення злачынства».

Пікет у падтрыманне TUT.by.
Фота: vybory_smotri / Telegram

Пры тым матэрыяды Zerkalo.io або сацсеткі TUT.by чытаць не забаронена, хоць сілавікі часам выкарыстоўваюць падпіску на «экстрэмісцкія» каналы як нагоду для затрымання. Таксама не забаронена даваць каментары «экстрэмістам».

Партал Zerkalo.io абяцае працаваць, як раней:

«Мы ўпэўненыя, што не парушаем законы і прэтэнзіі МУС з’яўляюцца беспадстаўнымі. Журналісты Zerkalo.io захоўваюць прынцыпы журналістыкі і беларускія законы».

За кратамі цяпер знаходзяцца 15 супрацоўнікаў TUT.by і звязаных з ім кампаніяў, у тым ліку дырэктарка Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава. Пад хатнім арыштам Юлія Чарняўская – удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера. Іх падазраюць ва «Ўхіленні ад сплаты падаткаў» (ч.2 арт. 243 КК РБ) праз удзел кампаніяў у Парку высокіх тэхналогіяў.

Артыкулы
Гэта таксама «экстрэмізм»? Спрабуем зразумець, што нам і вам забаранілі беларускія ўлады (і не можам)
2021.07.28 21:07

Статус «экстрэмісцкіх» у Беларусі маюць матэрыялы «Белсату» і спартовага выдання «Tribuna.com Беларусь», матэрыялы шматлікіх Telegram-каналаў – ад папулярных «Nexta» і «Беларусь головного мозга» да дваровых каналаў і нават чатаў.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў