Кацярына Андрэева ў судзе: Я атрымала больш, чым Салжаніцын


«Я атрымала больш, чым Салжаніцын», – сумна пажартавала сёння Кацярына Андрэева. Муж журналісткі «Белсату» Ігар Ільяш выказаў меркаванне аб прысудзе Кацярыне Андрэевай, распавёў пра ейныя рэакцыі на рашэнне Гомельскага абласнога суда і тое, як змяняецца ў Беларусі ўспрыманне нармальнасці.

Сапраўды, Аляксандр Салжаніцын пры Сталіну ў 1945-м атрымаў 8 гадоў зняволення. Каця ж шляхам складання двух прысудаў – 8 гадоў і 3 месяцы.

Кацярына ўспрыняла прысуд са спакойнаю годнасцю. Калі зачытвалі гэтую лічбу, яна іранічна ўсміхалася. Вонкава паводзіны Каці нічым не адрозніваліся ад паводзінаў пры першым прысудзе. Толькі цяпер яна была ў элегантнай крэмавай сукенцы.

На падставе якіх падзеяў паўстала гэтая справа, нам дасюль невядома. У судзе было заяўлена, што Кацю прызналі віннай «у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве». У прынцыпе, ужо гэтага дастаткова, каб зразумець механізм генеравання падобнага абвінавачання. Каця працавала на замежнае выданне, а журналісцкія расследаванні былі адною з ейных прафесійных спецыялізацыяў… Гэта значыць, на адзін з ейных старых журналісцкіх матэрыялаў проста нацягнулі фармулёўку з артыкулу 356 КК і далі за гэта 8 гадоў. Прычым некалькі гадоў таму тое, за што цяпер атрымала гэты людаедскі тэрмін Каця, не лічылася нават адміністратыўным правапарушэннем. Ну, а інакш бы гэта справа з’явілася тады, а не цяпер, калі Каця ўжо больш за 600 дзён пазбаўленая волі. Але планка ненармальнасці ўзляцела за гэты час да завоблачных вышыняў.

На прыкладзе сённяшняй Беларусі можна вывучаць анатомію тэрору – тое, як растуць маштабы беззаконня і градус гвалту, калі яны не сустракаюць належнага супраціву. І калі хто-небудзь думае, што мы ўжо дасягнулі мяжы, то ён моцна памыляецца. «Заўсёды ёсць пекла яшчэ страшнейшае», – сцвярджала знакаміты псіхолаг Эдыт Ева Эгер. Яна, былы вязень Асвенціму, ведала пра што кажа.

Але не менш важна ведаць, што любое пекла мае канец. Задача кожнага з нас – у тым, каб наблізіць яго (пекла) канец. Якім бы цяжкім, небяспечным і жахлівым ні быў гэты шлях, мы не маем права апускаць рук, спыняцца і здавацца. Мы вытрываем.

Артыкулы
Журналістцы Кацярыне Андрэевай прысудзілі яшчэ 8 гадоў зняволення – цяпер за «здраду дзяржаве»
2022.07.13 13:34

Гомельскі абласны суд 13 ліпеня абвясціў прысуд журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай: 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, на справе – грыф сакрэтнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў