Літва выявіла арганізатараў нелегальнай міграцыі праз Беларусь

Затрыманыя кажуць, што на беларускім боку іх інструктуюць, як паводзіць сябе на допытах і як знішчаць дакументы.

Затрыманыя літоўскімі памежнікамі людзі, якія перасеклі мяжу нелегальна. Ноч на 8 ліпеня 2021 года. Фота: Віталь Бабін для «Вот так»

Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас 13 ліпеня заявіў на радыё LRT, што літоўскі бок вызначыў як арганізатараў, так і выканаўцаў плыні нелегальнай міграцыі з Азіі і Афрыкі ў Літву праз беларускую мяжу.

Міністр абароны кажа, што ім вядомыя таксама кампаніі, установы і арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у працэсе. Адказныя за нелегальную міграцыю, заявіў ён, маюць падтрыманне дзяржаўных чыноўнікаў.

Мігрантаў на беларускім боку інструктуюць людзі ў камуфляжнай форме, якія тлумачаць, як знішчаць дакументы, як паводзіць сябе на допытах і што адказваць – пра гэта, кажа міністр, расказваюць самі затрыманыя.

Ноч на нейтральнай паласе. Рэпартаж аб бежанцах на літоўска-беларускай мяжы

Санкцыі Еўразвязу за арганізацыю нелегальнай міграцыі могуць датычыць пасярэднікаў, якія ладзяць стыковачныя авіярэйсы, адзначыў Анушаўскас.

Дзень таму міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс казаў, што прапанаваў Еўразвязу тры варыянты санкцыяў: пяты пакет супраць фізічных асобаў і кампаніяў; пашырэнне сектаральных санкцыяў; санкцыі супраць асобных кампаніяў, адказных за перавоз мігрантаў.

Плынь нелегальнай міграцыі не спыняецца, але запавольваецца. За панядзелак літоўскія памежнікі затрымалі на беларускай мяжы 56 чалавек, агулам з пачатку года – 1716 чалавек, што ў 21 раз больш за ўвесь 2020 год. Сярод затрыманых 835 грамадзянаў Іраку (або тых, хто назваўся іракцам), 198 грамадзянаў Конга, 121 – Камеруну, 78 – Гвінеі, 68 – Ірану. Шмат чыё грамадзянства не вызначылі праз адсутнасць дакументаў.

Еўракамісарка растлумачыла: візавыя абмежаванні не закрануць простых беларусаў

АА belsat.eu

 

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны