Латушка выказаўся пра артыкул Пуціна аб «адзінстве вялікаросаў, маларосаў і беларусаў»


На партале Крамлю 12 ліпеня з’явіўся артыкул ад імя Уладзіміра Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў». Там гаворыцца не толькі пра Украіну, але і пра Беларусь.

У артыкуле фактычна адмаўляецца самастойнасць Украіны – заяўляецца, што сапраўдная суверэннасць «магчымая толькі ў партнёрстве з Расеяй». Да «рускай нацыі» ў артыкуле адносяць «велікаросаў, маларосаў і беларусаў». Не згодным з гэтым і ахвочым стварыць незалежныя дзяржавы прапаноўваюць вярнуцца ў межы, у якіх краіны далучалі да СССР, – да 1922 года.

Былы міністр культуры Беларусі, лідар Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў артыкул, напісаны ад імя Уладзіміра Пуціна. І задаўся пытаннем, што сёння Аляксандр Лукашэнка скажа Пуціну на такі артыкул.

«Пры будаванні добрасуседскіх дачыненняў не пішуць гісторыю суседзяў, – мяркуе Латушка. – Гэта хутчэй узмацняе непрыманне. Тэза аб тым, што дзяржавам не належаць тэрыторыі ў сённяшнім сучасным свеце, на мой погляд, недапушчальная і нават непрымальная».

Добрасуседства будуецца праз вобраз прывабнага суседа, дадаў Латушка.

Эліты дзяржаваў, якія ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюзу, не гатовыя да заяўленага Пуціным «яднання», бо народы ўжо жывуць у нацыянальных і незалежных дзяржавах, адзначае Латушка. Гэта можа прывесці не да «яднання», а да «ўзмацнення цэнтрабежных тэндэнцыяў», мяркуе ён.

«Яны не ўспрымаюць гэта як неабходнасць, – разважае Латушка пра народы ў незалежных дзяржавах. – Яны ўспрымаюць як натуральную дадзенасць і каштоўнасць сам факт таго, што яны жывуць у нацыянальных дзяржавах».

Hавiны
Лукашэнка раптоўна паляцеў да Пуціна ў Санкт-Пецярбург. Той чакаў яго ў Крыме
2021.07.13 10:39

АА belsat.eu

Стужка навінаў