Жыхарка Ізраілю: «Падрыхтавалі посцілкі і ваду, каб быць хоць у нейкім камфорце на лесвічнай пляцоўцы»


З сектару Газа ў бок Ізраілю ляцяць ракеты. 11 траўня 2021 года.
Фота: Mahmoud Al-Hende / Zuma Press / Forum

Палестынскія радыкалы выпусцілі з пачатку гэтага тыдня па Ізраілі больш за 1,6 тыс. ракетаў, паведамляе ТАСС са спасылкаю на афіцыйнага прадстаўніка арміі Ёнатана Канрыкуса. Мы запыталі жыхарак Ізраілю, як іхныя жыццё і самаадчуванне памянялася за апошнія дні.

Алена Рагель-Гарэлік жыве ў Бат-Яме. Яна распавяла, што падчас бамбардавання людзі з ейнага дому хаваюцца на лесвічнай пляцоўцы: «Збольшага ракеты выпускаюць па поўдні Ізраілю, але і тым, хто жыве ў цэнтры краіны, таксама непрыемна. Мы жывём пад Тэль-Авівам. Апошні раз да нас ракеты даляталі гады два таму, і нават тады не было так масава. Мы хаваліся на лесвічнай пляцоўцы таму, што ў цэнтры шмат не новых дамоў, дзе няма адмысловых пакояў».

Алена Рагель-Гарэлiк. Фота з уласнага архіву

Спадарыня патлумачыла, што ў новых будынках робяць пакоі, дзе можна перачакаць ракетныя атакі. Гэта невялікія памяшканні з тоўстымі сценамі і ўзмоцненаю канструкцыяй. У старых раёнах людзі хаваюцца або ў бамбасховішчах, або на лесвіцах паміж паверхамі.

«Сярод ахвяраў ёсць і арабскае насельніцтва, і габрэйскае. Ёсць жанчына, якая прыехала сюды з Менску. Усё гэта вельмі засмучвае, і вельмі страшна», – адзначыла Алена.

Яна падкрэсліла, што калі б не «Жалезны купал» (сістэма супрацьракетнае абароны), то ахвяраў было б значна больш. Алене складана сказаць, як дзеянні ўраду адбіваюцца на абстрэлы ізраільскае тэрыторыі. Спадарыня «як маленькі чалавек» проста рыхтуецца да горшага: «Цяпер у нас за акном сонейка, кветкі, але стан трывожны. Не спалі папярэднюю ноч. Падрыхтавалі посцілкі, ваду, падсілкавалі тэлефоны, каб на гэтай лесвічнай пляцоўцы быць хоць у нейкім мінімальным камфорце».

Паводле Алены, у гарадах, дзе жыве багата арабскага насельніцтва, адбыліся пагромы: «Спаленая сінагога, музей. Гэта ўсё вельмі страшна і вельмі трывожна».

Сектар Газа. 12 траўня 2021 года.
Фота: Yousef Masoud / Zuma Press / Forum

Дар’я Альпэрн-Каткоўская распавяла, што гэтая ноч у Эйляце прайшла спакойна, без сірэнаў, але папярэднія дні сям’я з пяці чалавек часам хавалася ў адмысловым пакоі ў сваёй кватэры.

Дар’я Альпэрн-Каткоўская. Фота з уласнага архіву

«Гэта пакой 2 х 2 метры. Там такія моцныя сцены, якіх нават перфаратар не бярэ. Гэты пакой ратуе і ад ударнае хвалі, таму варта зачыняць металёвыя дзверы», – патлумачыла Дар’я.

Бамбасховішча ў кватэры Дар’і Альпэрн-Каткоўскай. Фота з уласнага архіву

Спадарыня адзначыла, што ў Эйляце не ўводзілі надзвычайнага стану, але ваенныя дзеянні ўсё адно ўплываюць на жыццё гараджанаў: «У нас звычайна на дарогах коркі, калі людзі адвозяць дзяцей у школы. Сёння гэтых коркаў не было, бо людзі, нягледзячы на тое, што ідзе вучоба, пакінулі сваіх дзяцей удома. Учора з’явілася інфармацыя, што могуць бамбіць Эйлят, то звечара няма нашых вулічных бегуноў, мала людзей на вуліцах».

Дар’я таксама распавяла, як дзеці перажываюць такія складаныя часы: «У мірны час у нашым бамбасховішчы – дзіцячы пакой, там спіць мой сярэдні сын. І вось учора мы заносілі туды сурвэткі, памперсы, паставілі гасцявы ложак. Сын быў вельмі не задаволены гэтым, і мне прыйшлося з ім размаўляць пра гэта, што праз тэлевізар сказалі так зрабіць, бо можа быць сірэна.

Больш складана дзецям сярэдняга ўзросту, якія разумеюць, што ад гэтага можна загінуць. Ім страшна.

Ёсць адмысловыя рэкамендацыі, нават адмысловы блок у кіно бывае, як размаўляць з дзецьмі і распавядаць ім пра ўсё. Ёсць яшчэ арганізацыя «Кіраванне тылам», якая таксама дае рэкамендацыі, што рабіць у выпадку небяспекі. І калі ёсць такія дакладныя інструкцыі, то значна прасцей».

 

Паводле апошняй інфармацыі, прынамсі чатыры чалавекі пацярпелі сёння, у чацвер, у выніку масаванага ракетнага абстрэлу гарадоў у цэнтральнай частцы Ізраілю радыкаламі з сектару Газа. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкаю на дзяржаўнае ізраільскае радыё «Kan».

У выніку трапляння ракетаў з сектару Газа па жылых кварталах у ізраільскіх гарадах з 10 траўня загінулі шэсць чалавек, дзясяткі ізраільцянаў атрымалі раненні рознай цяжкасці. Сярод памерлых – ураджэнка Беларусі. У Ашкелоне загінула Нэлі Гурэвіч, якая пераехала ў Ізраіль шмат гадоў таму.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў