У Вільні пройдзе Другая канферэнцыя беларусаў свету


Святлана Ціханоўская запрашае беларускія дыяспары з усяго свету прыняць удзел у Канферэнцыі, якая адбудзецца 22-23 красавіка ў Вільні. Будуць абмяркоўвацца набалелыя пытанні дыяспараў і іх дачыненняў з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам.

Лагатып Канферэнцыі беларусаў свету II. Выява: Tsikhanouskaya.org

Першая Канферэнцыя беларусаў свету прайшла ў верасні 2021 года і сабрала прадстаўнікоў 40 арганізацыяў беларускіх дыяспараў з 26 краінаў. Чакаецца, што ў сёлетняй Канферэнцыі прымуць удзел больш за 100 беларусаў і беларусак ад дыяспараў, а таксама прадстаўнікі структураў дэмакратычных сілаў.

Мэта Канферэнцыі – абмеркаванне стратэгічных прыярытэтаў і планаў дэмакратычнай Беларусі, узмацненне супольнай каардынацыі, абмеркаванне актуальных праблемаў, знаёмства з новымі арганізацыямі і ініцыятывамі.

Удзельнікі і ўдзельніцы абмяркуюць наступныя тэматычныя блокі:

  • актуальная палітычная стратэгія Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады і магчымасці супрацы палітычных цэнтраў з дыяспаральнымі арганізацыямі;
  • пытанні інстытуцыйнай падтрымкі дыяспаральных арганізацыяў;
  • паляпшэнне каардынацыі паміж палітычнымі і дыяспаральнымі структурамі, магчымасці ўплыву дыяспараў на дзейнасць палітычных цэнтраў;
  • арганізацыя сумесных намаганняў у кірунку нацыянальнага адраджэння Беларусі: культуры, адукацыі, гісторыі.

«Канферэнцыя – гэта адказ на агучаную нам дыяспарамі неабходнасць абмеркаваць набалелыя пытанні. Мы і самі заўважаем, што не хапае каардынацыі паміж палітычнымі структурамі і грамадзянскімі ініцыятывамі. Нам усім важна вучыцца слухаць і чуць адно аднаго, – распавёў каардынатар Офісу Святланы Ціханоўскай па працы з дыяспарамі і кантактная асоба Канферэнцыі Данііл Гаркавы. – У сакавіку каманда арганізатараў Канферэнцыі, якая складаецца з прадстаўнікоў Офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінета і Каардынацыйнай Рады, збірала зваротную сувязь ад прадстаўнікоў дыяспараў. Самай важнай тэмай, якая трапіла ў праграму менавіта з ініцыятывы дыяспараў, стала пытанне спосабаў інстытуцыйнай падтрымкі дыяспаральных арганізацыяў, многія з якіх, па сутнасці, да гэтага часу існуюць на валанцёрскіх асновах. Мы сфармавалі 4 тэматычныя напрамкі, якія цяпер удакладняем і дапрацоўваем».

Падрабязная праграма канферэнцыі будзе паведамленая пазней на сайце bydiaspora.net

Каб прыняць удзел у Канферэнцыі, трэба даслаць заяўку па спасылцы. Калі заяўка будзе ўхваленая, вам прыйдзе пацверджанне. Таксама можна задаць пытанні наконт Канферэнцыі ў тэлеграме: @conf_bel_diaspora

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў