Выбары ў Францыі: у палоне папулізму

Першы тур выбараў у Францыі паказаў даволі глыбокі крызіс ліберальных ідэй і ідэалогіі ўстойлівага развіцця, у якім апынулася французскае грамадства. Францыя, як і многія іншыя дзяржавы, імкліва коціцца ў прорву радыкальнага левага і правага папулізму, еўраскептыцызму і антыглабалізму.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, кандыдат на перавыбранне на прэзідэнцкіх выбарах ва Францыі ў 2022 годзе, выступае з прамовай падчас перадвыбарчага мітынгу на плошчы Шато каля Катэдры ў Страсбуры, Францыя. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Johanna Gurun / Reuters / Forum

Найбольш выразнымі прадстаўнікамі гэтых плыняў на прэзідэнцкіх выбарах былі Марын Ле Пэн (прадстаўніца правага папулізму), якая набрала 23,15 %, і Жан-Люк Мэляншон (левы папулізм, партыя «Мяцежная Францыя) – 21,95 %.

Гэтыя ідэалагічныя накірункі аб’ядноўвае імкненне знайсці агульнага вонкавага і ўнутранага ворага, які перашкаджае Францыі развіцца і дасягнуць яе мінулай велічы. Такім «ворагам» – свайго роду «тормазам» – паводле іх, зʼяўляецца Еўразвяз, да выхаду з якога (а таксама з NATO) рэгулярна заклікалі ў сваіх праграмах згаданыя палітыкі.

Да пачатку расейскай вайсковай агрэсіі ва Украіне абодва гэтыя палітыкі таксама стаялі на адкрытых прапуцінскіх пазіцыях. Ле Пэн лічыла Расею ключавым партнёрам і актыўна падтрымлівала палітыку Масквы ва Украіне, прызнала вынікі «рэферэндуму» у Крыме і падтрымлівала Крэмль у федэралізацыі Украіны. Меланшон таксама неаднаразова бываў і ў СССР, і ў пуцінскай Расеі, а ў 2018 годзе ўдзельнічаў у маршы «Несмяротнага палка».

Марын Ле Пэн, лідарка французскай ультраправай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» і кандыдатка на прэзідэнцтва, выходзіць з кабінкі для галасавання падчас першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Францыі на выбарчым участку ў Энэн-Бамон, Францыя. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Pascal Rossignol / Reuters / Forum

Вайна ва Украіне вымусіла французскіх палітыкаў змяніць сваю рыторыку, але гэта хутчэй вынік міжнароднай кан’юнктуры, якая склалася зараз, чым вынік трансфармацыі іх поглядаў, асабліва калі казаць пра Марын Ле Пэн.

Што датычна ўнутраных ворагаў, то тут пазіцыі адрозніваюцца. Мэляншон, як прадстаўнік французскага камуністычнага руху (у мінулым сябра трацкісцкага руху), лічыць, што вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы можна толькі шляхам радыкальнага павышэння падаткаў на багацце і нават канфіскацыю даходаў, якія перавышаюць 400 тысяч еўра ў год (Le Figaro 2017). На думку Мэляншона, у Францыі павінна адбыцца новая сацыяльная рэвалюцыя.

Для Марын Ле Пэн прычынай эканамічных цяжкасцяў зʼяўляецца глабалізм (адкрытасць межаў), улада фінансістаў і разбуральная міграцыйная палітыка дзяржавы, якая адбіваецца на дабрабыце простых французаў. Адпаведна, мэтай новага нацыянальнага кіраўніцтва павінен быць поўны перагляд міграцыйнай і ўнутранай нацыянальнай палітыкі.

Жан-Люк Мэляншон, лідар ультралевай апазіцыйнай палітычнай партыі «Мяцежная Францыя» і кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах у Францыі ў 2022 годзе. Нант, Францыя, 16 студзеня 2022 года.
Фота: Stephane Mahe / Reuters / Forum

На французскім электаральным полі функцыянуюць і карыстаюцца падтрымкай ідэалагічна больш экстравагантныя партыі. Гэтак, радыкальна правы папуліст Эрык Зэмур, кіраўнік партыі «Рэканкіста», набраў 7,1 % (заняў 4 пазіцыю), леварадыкальны папуліст Жан Лясаль, які ўзначальвае партыю «Будзем супраціўляцца», набраў 3,1 % (7 пазіцыя).

Такім чынам, папулісцкі і ў чымсьці антыеўрапейскі электарат складае ў Францыі каля 60 % насельніцтва. А гэта вельмі негатыўная тэндэнцыя, якая можа стаць выклікам для еўрапейскага адзінства і бяспекі ў будучыні, асабліва калі прэзідэнтам Францыі стане Марын Ле Пэн.

На гэтым фоне пазіцыя цэнтрыстаў і лібералаў выглядае вельмі слабай, а дзесьці і маргінальнай. Да прыкладу, калі на папярэдніх выбарах 2017 году за вылучэнца ліберальнай партыі «Рэспубліка» прагаласавала 20 %, то на выбарах 2022 году – 4,8 %. На сённяшні дзень, з улікам падтрымкі для дзеючага прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона (27,7 %), электарат цэнтрыстаў/лібералаў у грамадстве вагаецца ў межах 30–35 %.

Ва ўмовах шырокіх папулісцкіх чаканняў грамадства вынікі другога туру галасавання прадказаць немагчыма. Таксама варта ўлічваць, што Мэляншон адкрыта не заклікаў сваіх прыхільнікаў у другім туры галасаваць за Макрона, а толькі заявіў: «Ніводнага голасу Ле Пэн». Таму ёсць верагоднасць таго, што прыхільнікі сацыялістычнага папулізму проста праігнаруюць выбары, а то і зусім могуць прагаласаваць за антысістэмнага кандыдата Ле Пэн.

Расчараванне – рухавік папулізму

З вобразам Эманюэля Макрона значная частка грамадства звязвала надзею на хуткія і эфектыўныя пераўтварэнні ў сацыяльнай і эканамічнай палітыцы Францыі. Тым не менш, многія ягоныя ініцыятывы, да прыкладу, пенсійная рэформа, змены ў сістэме падаткаабкладання і г. д., выклікалі не толькі расчараванне, але і сур’ёзнае супрацьдзеянне ў грамадстве. У 2018–2019 гадах краіну ахапілі забастоўкі, сфармаваўся цэлы пратэставы рух «Жоўтыя камізэлькі».

Агульная сітуацыя ў краіне пагоршылася ў сувязі эпідэміяй каронавірусу, якая прывяла да павелічэння колькасці беспрацоўных у краіне. На люты 2022 года колькасць беспрацоўных была амаль 3 млн чалавек. Варта адзначыць, што беспрацоўе сярод моладзі ў Францыі складае 16 %, што таксама спрыяе ўзмацненню пазіцый папулізму і напружанню ў грамадстве.

Разарваны плакат у падтрымку Марын Ле Пэн. Камбры, Францыя. 4 красавіка 2022 года.
Фота: Pascal Rossignol / Reuters / Forum

Жаданне Макрона стаць новым лідарам аб’яднанай Еўропы таксама не ўвянчаліся поспехам. Ён мог бы для гэтага выкарыстоўваць вайну ва Украіне, але палічыў за лепшае быць асцярожным у выказваннях і ў адносінах да Пуціна, выбраўшы дыпламатыю, а не вайну.

Мабыць, такая пазіцыя была абумоўленая тым, што Макрон быў да канца не ўпэўнены, што адкрытая антырасейскасць знойдзе падтрымку ва французскім грамадстве. У выніку нішу еўрапейскага лідарства (па-за ЕЗ) паспяхова заняў Борыс Джонсан.

Наступныя два тыдні будуць вельмі складанымі для Макрона і французскага грамадства. Калі дзеючы прэзідэнт пераможа, то з невялікай перавагай. Магчыма, для ўмацавання вобразу моцнага лідара ён можа наведаць Кіеў. Па-за ўсякім сумневам, Макрон для Украіны і для Еўропы – гэта адзіны і самы лепшы выбар.

Калі пераможа Ле Пэн, то ЕЗ можа сутыкнуцца з сістэмным крызісам. Рашэнне ўнутраных праблемаў будзе будавацца на праштурхоўванні ініцыятыў па выхадзе Францыі з ЕЗ і NATO – «Frankexit». Што фактычна запусціць працэс знішчэння Еўрапейскага Звязу.

З улікам доўгіх і даволі цесных ценявых сувязяў з Крамлём, Ле Пэн ператворыцца ў механізм па прасоўванні інтарэсаў Расеі ў Еўропе. Як мінімум, яе будуць выкарыстоўваць для падрыву агульнай санкцыйнай еўрапейскай пазіцыі ў дачыненні да Масквы. Такім чынам, Францыя ператворыцца ў другую Венгрыю.

Павел Усаў / ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў