Макрон адмовіўся ад тэрміну «генацыд» для апісання зверстваў Расеі ва Украіне


Эманюэль Макрон адмовіўся ад тэрміну «генацыд» для апісання зверстваў Расеі ва Украіне падчас інтэрв’ю тэлекампаніі «France 2», паведамляе CNN.

Таксама ён назваў братнімі народы Расеі і Украіны.

Эманюэль Макрон.
Фота: Getty Images

Адказваючы на пытанне ў інтэрвʼю грамадскай тэлекампаніі «France 2», ці будзе ён, як і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, выкарыстоўваць тэрмін «генацыд» для апісання забойстваў украінцаў расейскімі вайскоўцамі, Макрон адказаў:

«Сёння я быў бы асцярожны з такімі тэрмінамі, бо гэтыя два народы – браты».

«Я хачу працягваць спробы, наколькі магу, спыніць гэтую вайну і аднавіць мір. Я не ўпэўнены, што эскалацыя рыторыкі служыць гэтай справе. Мы можам дакладна сказаць, што сітуацыя непрымальная і што гэта ваенныя злачынствы. Мы перажываем ваенныя злачынствы, беспрэцэдэнтныя на нашай зямлі – нашай еўрапейскай зямлі», – дадаў ён.

Учора, 12 красавіка, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што зверствы, якія раскрываюцца ва Украіне, кваліфікуюцца як генацыд і «робіцца ўсё ясней і ясней, што Пуцін проста спрабуе сцерці з зямлі нават ідэю існавання ўкраінцаў».

Іншыя сусветныя лідары, такія як прэмʼер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, таксама выкарыстоўвалі слова «генацыд» для апісання дзеянняў Расеі ва Украіне.

Прэзідэнт Францыі, які цяпер прэтэндуе на пераабранне, таксама адзначыў супрацу Францыі з Украінай у расследаванні меркаваных ваенных злачынстваў і дадаў, што «Расея ў аднабаковым парадку пачала надзвычай жорсткую вайну. Цяпер устаноўлена, што расейскае войска ўчыніла ваенныя злачынствы, і нам належыць знайсці вінаватых».

Гісторыі
Застаюцца ў сваіх гарадах, робяцца зоркамі сацсетак, гінуць пад абстрэламі. Украінскія мэры падчас вайны
2022.04.13 12:38

АД belsat.eu

Стужка навінаў