У Гомельскім раёне бадзяжных сабак будуць адстрэльваць паляўнічыя


У Гомельскім раёне ад «традыцыйнага адлову» бадзяжных сабак пяройдуць да адстрэлу. Адказнасць за адстрэл жывёлінаў усклалі на Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, якое ўзначальвае былы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, звярнула ўвагу выданне «Флагшток».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Пра тое, што «традыцыйны адлоў» аказаўся неэфектыўным, у сувязі з чым улады Гомельскага раёну «яшчэ ў мінулым годзе наважыліся на кардынальныя меры», напісала газета Гомельскага райвыканкаму.

«Паводле дамоўленасці з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў, патэнцыйна небяспечныя жывёліны адстрэльваюцца. Аб гэтым папярэдне інфармуюцца мясцовыя жыхары, каб іхныя хатнія гадаванцы выпадкова не пацярпелі», – прыводзіць вытрымку з райвыканкамаўскай газеты выданне «Флагшток».

У Нацыянальным рэестры прававых актаў адпаведнага рашэння Гомельскага райвыканкаму або Савету дэпутатаў знайсці не ўдалося.

Як адзначыў у каментары выданню адмысловец арганізацыі «Экадом», пад «неэфектыўнасцю адлову» хаваецца нежаданне мясцовых уладаў займацца прытулкамі, усыпленнем, а таксама адсутнасць нармальных прытулкаў у рэгіёнах.

Спецыяліст кажа, што колькасць жывёлінаў рэгулюецца палажэннем «Аб парадку дзейнасці арганізацыяў па адлове, адстрэле, утрыманні і эўтаназіі безнаглядных жывёлінаў». У выключных выпадках пастановай мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў дапускаецца адстрэл безнаглядных жывёлінаў (у адпаведнасці з п. 14 «Правілаў утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёлінаў у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь»). Але гэты выпадак не падобны на «выключны». Улады, на думку спецыяліста, проста вырашылі ў сваім раёне ігнараваць правілы.

Але нават у выключным выпадку, дадаў суразмоўца выдання, адстрэлам не можа займацца нехта старонні, нават Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Для адлову безнаглядных жывёлінаў ствараюцца спецыяльныя брыгады пры арганізацыях, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

У той жа час у сеціве з’явілася відэа, на якім бачна, як камунальнікі ў Калінкавічах (Гомельская вобласць) адстрэльвалі сабак проста на вачах у дзяцей, што выклікала абурэнне мясцовых жыхароў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў