ГУБАЗіК затрымаў траіх працаўнікоў кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь»


Супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі траіх працаўнікоў кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь». «Пакаяльнае» відэа з імі з’явілася на праўладным канале сілавікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак «Газпрам трансгаз Беларусь» у Менску.
Фота: idei.by

Двое мужчынаў з відэа – інжынер і вядучы інжынер кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь». Яны «прызнаюцца» ў тым, што «падтрымлівалі ў калектыве пратэсныя настроі, былі падпісаныя на дэструктыўныя каналы, рабілі рэпосты». Затрыманых прымусілі назваць на камеру свой заробак.

Трэцяя затрыманая працаўніца кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў несанкцыянаваных мітынгах і «сама ў міліцыю не з’яўлялася».

Характэрна, што сілавікі сцвярджаюць, нібыта затрыманні адбыліся пасля даносу, які напісалі іншыя працаўнікі кампаніі ў чат-бот тэлеграм-каналу. У відэа прыводзіцца тэкст даносу: ён падпісаны ад імя калектыву адміністрацыі ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь». У тэксце гаворыцца, што затрыманыя займаліся распаўсюджаннем «б-ч-б атрыбутыкі» і нібыта ў «ультыматыўнай форме прымушалі калегаў прымаць удзел у мітынгах». Заклікаючы «разабрацца», аўтары пісьма пішуць, што «засталася адна надзея на вас [ГУБАЗіК]. Калі ласка, дапамажыце, разбярыцеся». У «даносе» ёсць і іншыя штампы, якімі сыплюць звычайна з беларускіх прапагандысцкіх каналаў: пра «дэструктыўную дзейнасць», «паганую прапаганду, скіраваную супраць Рэспублікі Беларусь» і інш.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў