Сілавікі змогуць забіраць ва ўласнасць арэндныя кватэры праз 20 гадоў службы


Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога яны змогуць бязвыплатна забіраць ва ўласнасць арэнднае жыллё. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал «Пул Первого». 

Так выглядае жылы дом для семʼяў вайскоўцаў у Бараўлянах на 170 кватэр, здадзены ў эксплуатацыю ў жніўні 2022 года. Фота міністэрства абароны / Telegram / modmilby

13 лютага стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб арэндным жыллі для ваеннаслужачых». Гэты дакумент устанаўлівае парадак і ўмовы перадачы ва ўласнасць сілавікам жылля, якое яны арандуюць падчас службы.

Указ тычыцца ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, якія праходзяць службу ў Мінабароны, МУС, МНС, КДБ, Дзяржпамежмітэце, Службе бяспекі прэзідэнта, Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце, Камітэце дзяржаўнага кантролю, цэнтральных апаратаў Следчага камітэту і Камітэту судовых экспертыз, а таксама ў арганізацыях, якія ўваходзяць у сістэму названых дзяржаўных органаў або падпарадкаваных ім.

Паводле дакументу, у сілавікоў два варыянты атрымаць ва ўласнасць арэнднае жыллё:

– бязвыплатна, пасля 25 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе;

– у растэрміноўку, з выплатамі на тэрмін да 15 гадоў, пры наяўнасці 20 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе.

А хто не пажадае забіраць арэнднае жыллё ва ўласнасць праз 20 гадоў службы, тым будзе захавана права валодання і карыстання гэтым жыллём з магчымасцю прадаўжэння дагавора найму да паляпшэння імі жыллёвых умоў.

У тым выпадку, калі вайсковец загінуў пры выкананні службовых абавязкаў, члены яго сямʼі змогуць атрымаць ва ўласнасць займанае імі арэнднае жыллё бязвыплатна, незалежна ад выслугі гадоў. Калі ж вайсковец памёр па іншых падставах у перыяд праходжання ваеннай службы, то за членамі яго сямʼі будзе захавана права валодання і карыстання арэндным жыллём на ранейшых умовах да паляпшэння імі сваіх жыллёвых умоў.

Указ ўступіць у сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага публікавання.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў