Чыноўнікі вымушаныя кантраляваць ужо не толькі цэны, але і асартымент


З кастрычніка мінулага года ўлады ў Беларусі паставілі задачу стрымаць інфляцыю. Цяпер гандляры вымушаныя ўзгадняць цэны з мясцовымі чыноўнікамі. У выніку інфляцыя сапраўды запаволілася, але ўзнікла новая праблема – неабходнасць утрымліваць асартымент. Раней пра тое, што з паліцаў пачнуць знікаць тавары, папярэджвалі незалежныя эканамісты, цяпер гэта прызнаюць і ўлады.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання заявіў, што ўтрымаць адначасова і інфляцыю, і асартымент тавараў на паліцах у крамах надзвычай складаная задача. Але, паводле яго, «цяпер Беларусь у нармальным, традыцыйным для нашага рынку шырокім асартыменце тавараў, які мы прывыклі бачыць у сябе».

Аляксей Багданаў, кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Скрыншот: tvr.by

Паводле афіцыйных падлікаў, па выніках студзеня сёлета цэны на харчы выраслі на 13,6 % у параўнанні са студзенем мінулага года. Пры гэтым на паліцах у крамах можна часта пабачыць тавары, кошты на якія выраслі нават у некалькі разоў. Гэтак, напрыклад, макаронныя вырабы яшчэ летась каштавалі каля 2 рублёў за пачак, то цяпер з’явіліся гатункі, якія каштуюць больш за 5 рублёў, а некаторыя і больш за 7 рублёў. Пры гэтым выбар гэтага тавару адчувальна скараціўся.

Кошты ў беларускіх крамах.
Фота: чытачы Белсату

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна адзначае, што гаварыць пра татальны  дэфіцыт няма падставаў. Людзі маюць некаторы выбар, але пытанне ў тым, што рэгуляванне з аднаго боку ў цэлым дазволіла запаволіць сукупную інфляцыю, але стварыла праблемы, з якімі паспяхова або непаспяхова змагаюцца чыноўнікі.

«Галоўная праблема агучаная міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю: гэта асартымент. Малако і, груба кажучы, тыя ж яйкі на паліцах ёсць, а вось выбар мясных далікатэсаў або сыроў стаў меншым, цяпер яны або больш нізкай якасці, або іншага вытворцы. Калі раней прадаваліся 15 гатункаў, то цяпер можа быць толькі 10. Гэта, на мой погляд, адчуваюць спажыўцы з больш высокім узроўнем прыбыткаў, якія прывыклі набываць больш дарагія і якасныя, імпартныя тавары», – кажа экспертка.

Іншы момант – вытворцы ды імпарцёры, якія адчуваюць складанасці, гандлёвыя сеткі, якія вымушаныя ўпісвацца ў абмежаванні. Ува ўсіх гэтых суб’ектаў, у тым ліку і ў дзяржавы, з’явілася шмат дадатковай працы, звяртае ўвагу Настасся Лузгіна.

Асартымент у беларускіх крамах скарачаецца.
Фота: чытачы / Белсат
Аналітыка
Урад стымулюе беларусаў браць крэдыты, але людзі асцярожнічаюць
2023.02.08 07:01

Увогуле колькасць імпартных тавараў на паліцах у крамах адчувальна знізілася. Датычыць гэта не толькі харчоў, але і нехарчовых вырабаў. Перабоі з пастаўкамі тавараў з Еўропы абумоўленыя санкцыямі. Ланцугі паставак павялічваюць, што ў выніку адлюстроўваецца і на коштах.

Экспертка кажа, што ў нас намагаюцца рынкавыя стасункі ў гандлі замяніць на дзяржаўнае рэгуляванне, на элементы планавай эканомікі. Але гэтыя элементы (рынкавая эканоміка і дзяржаўнае рэгуляванне) адно з адным не працуюць.

Настасся Лузгіна ўдакладняе, што ў краінах свету цэны на некаторыя тавары могуць рэгулявацца. Але гэта абмежаваная колькасць тавараў або паслуг, якія ёсць натуральнаю манаполіяй, не маюць канкурэнцыі. Таму і магчымае рэгуляванне ды абмежаванне цэнаў. Але калі ёсць разнастайнасць тавараў і спажывец, які галасуе рублём, то рэгуляванне зусім не той шлях, які паляпшае сітуацыю.

Настасся Лузгіна. Дацэнтка, кандыдатка эканамічных навук, старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат
Hавiны
У Беларусі запрацавала новая пастанова МАРГ пра тое, як можна мяняць кошты
2022.11.21 17:43

Паводле эксперткі, у Беларусі эканамічная палітыка схільная да татальнага кантралявання. Гэта заўважаецца не толькі ў рэгуляванні цэнаў. Дастаткова паглядзець на валютны рынак. Лузгіна нагадвае: калі курсы валютаў рэгуляваліся чыноўнікамі, то менавіта ў гэтыя перыяды ўзнікалі рэзкія дэвальвацыі. Гэта працягвалася, пакуль не адпусцілі валютнага кантролю. Такая логіка працуе і пры рэгуляванні цэнаў.

«Гэтак і з інфляцыяй: сёлета рост цэнаў паступова зніжаўся б. Па выніках мінулага года не было б 12%, а магло б быць 19%, напрыклад, але паступова, аб’ектыўна сітуацыя прыходзіла б да нормы. У выніку не пацярпелі б бізнесоўцы, гандлёвыя сеткі, імпарцёры. Дый той жа МАРГ цяпер заклапочаны тым, як сітуацыю рэгуляваць. Таму агульна нібы ўсё добра, рост цэнаў запаволіўся, але з іншага боку мы атрымліваем шмат негатыўных момантаў. Усё кантраляваць немагчыма, у нас цяпер не планавая эканоміка, так яна не працуе», – кажа эканамістка.

Увогуле выпадкі татальнага рэгулявання цэнаў на практыцы не маюць прыкладаў поспеху. Можа, у некаторых сферах гэта і робіцца, але няма практыкі поўнага рэгулявання, як цяпер робяць у Беларусі чыноўнікі.

Hавiны
ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі знізіцца ўжо вясной, але потым можа паскорыцца
2023.01.16 10:28

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў