Вынікі пошуку для:

Раней ашчаджаў пачуцці, а ў лістах з СІЗА выказаўся. Як сям’я журналіста Кузнечыка чакае яго на волі

Андрэй прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі, пра гэта напісаў у лісце, які пакінуў сябру на выпадак затрымання. За што яго трымаюць за кратамі, невядома. Але на волі яго чакаюць жонка і малыя дзеці.

Андрэй Кузнечык і Алеся Рак. Фота: асабісты архіў Алесі Рак

Журналіста Андрэя Кузнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 года, у кватэры правялі ператрус, на кароткі час захапілі Telegram-канал радыё «Свабода», дзе Кузнечык працаваў як фрылансер. Яго спачатку асудзілі на 10 дзён арышту, але не вызвалілі і трымаюць у Следчым ізалятары № 1 межах крымінальнай справы, дэталяў якой не раскрываюць.

На выпадак затрымання Кузнечык пакінуў сябру ліст, у якім тлумачыў, чаму не з’ехаў з краіны, нягледзячы на магчымы палітычны пераслед:

Удома Андрэя чакае жонка і двое дзяцей: 2-гадовы Мацей і 8-гадовая Яніна – бацьку забралі на вачах дзяцей. Жонка Андрэя Алеся Рак расказвае «Белсату», што сын яшчэ не разумее, што з бацькам, а дачка ўжо ведае.

Андрэй піша з-за кратаў і жонцы, і дзецям, якім прыдумаў мянушкі: Яначка-зараначка і Мацейка-верабейка. Алеся расказвае, што дачка лянуецца пісаць лісты бацьку: проста чакае, калі ж вернецца, а пісьмовы спосаб камунікацыі ён незразумелы, больш любіць маляваць. Нядаўна намалявала птушачак у сэрцайках, сказала: «Гэта я і тата».

Яніна – дачка Андрэя Кузнечыка і Алесі Рак – намалявала птушак і сказала: «Гэта я і тата». Фота: Алеся Рак

Але вершыкі ад бацькі чытае, вельмі радуецца налепкам, якія Андрэй аднекуль здабывае. Алеся ведае, што адзін з лістоў, у якіх Андрэй напісаў верш, яшчэ не дайшоў.

Адзін з вершаў, якія Андрэй Кузнечык напісаў дзецям з-за кратаў. Фота: Алеся Рак

У вымушаным расстанні муж і жонка ўмацавалі свае стасункі

З будучым мужам Алеся пазнаёмілася выпадкова. Яны вучыліся разам на філфаку БДУ, жылі ў адным інтэрнаце. Алеся прыйшла ў пакой Андрэя «клеіць яго сябра» – бліжэй пазнаёміцца з суседам. З тым не склалася, але Алеся пасябравала з жыхарамі пакою. Калі Андрэй паступіў у аспірантуру і з’ехаў з інтэрнату, а Алеся была яшчэ на 5-м курсе, бачыліся на вуліцы і на філфаку: сустрэліся раз, другі – «пачало з’яўляцца разуменне, што трэба сустракацца запланавана». Гадзінамі шпацыравалі па ўзбярэжжы Свіслачы і размаўлялі.

Андрэй – чалавек грунтоўны і надзейны, кажа жонка, таму яму трэба было спачатку ўпэўніцца, што яны адно адному падыходзяць, пэўны час трэба было пажыць разам. Але калі аднойчы Алеся злавіла букет на вяселлі сяброўкі, Андрэй проста сказаў: «Ну, пайшлі ў загс, што цягнуць». Прозвішча Алеся вырашыла не мяняць, каб «не парушаць такі альянс» (Рак і Кузнечык – гэта цешыць незнаёмцаў кшталту супрацоўнікаў гатэляў).

Андрэй Кузнечык і Алеся Рак з сынам Мацеем. Фота: асабісты архіў Алесі Рак

Алеся кажа, што Андрэй зусім не любіць «гендарных» святаў, віншаваць яго з 23 лютага – гэта як нахаміць. І нават калі Алеся звязала яму шкарпэткі на 14 лютага, Андрэй не чакаў і здзівіўся: «Што гэта, навошта?» Алеся тлумачыць:

«Гэта ж не 25 сакавіка якое-небудзь, не сур’ёзна!»

Але мужа «прывучыла»: Андрэй ужо сам прыносіць кветкі ці цукеркі.

Цяпер у лістах Алеся і Андрэй расказваюць адзін аднаму такое, пра што раней нават не размаўлялі, як то пра гісторыі сваіх сем’яў: «Гадуеш двух дзяцей – не заўсёды ёсць час пасядзець-парэфлексаваць, паразмаўляць па душах».

Андрэй піша жонцы з турмы: «Ужо месяц, як я тут, адзін з самых пустых месяцаў у маім жыцці, пасля якога застануцца адныя з самых шчырых і шчымлівых сказаных і пачутых (ды што там – самыя шчырыя і шчымлівыя) словаў і пачуццяў, якія я чамусьці раней ашчаджаў. Я шчаслівы чалавек. Вы маё шчасце. Я вас моцна-моцна, дужа-дужа люблю і кахаю. Беражыце сябе, будзьце здаровыя. Ты не выбівайся з сіл, адпачывай, усміхайся. Нам столькі ўсяго яшчэ!..» Фота: Алеся Рак

«Ад таго, што ён там, нашыя адносіны дакладна горшымі не сталі, а мо нават трошкі палепшыліся, бо нарэшце мы адчулі неабходнасць усё расказаць: пра свае пачуцці, эмоцыі, стаўленне адзін да аднаго, – разважае Алеся. – Калі жывеш побач, асабліва ў такія падрабязнасці не ўдаешся. Гэта як «Я табе сказаў 15 гадоў таму, што я цябе кахаю, і за гэты час нічога не змянілася, а як зменіцца, паведамлю». Вось у такім фармаце прыкладна мы і жылі. А цяпер – неабходнасць казаць больш, і мы яе выкарыстоўваем».

Андрэй Кузнечык вядомы як заўзяты раварыст: з 2007-га вёў блог, у якім пісаў у тым ліку пра ровары як гарадскі транспарт, рабіў «праваднікі» па веластаянках і веладарожках, складаў безбар’ерныя маршруты на Google Maps і напаўняў мапы OpenStreetMap.

Андрэй Кузнечык з дачкой Янінай. Фота: асабісты архіў Алесі Рак

Пра любоў Андрэя да ровараў Алеся ведае мала: для яго гэта не спорт, а проста транспарт і спосаб вывучаць мясціны. Па Менску ездзілі шмат, але Алеся не можа праехаць больш за кіламетраў 50, а Андрэй неяк прыязджаў на ровары з Менску ў Бягомль (гэта звыш 100 км). І калі сам выпраўляецца ў паездку, то як вяртаецца, першым чынам запампоўвае маршруты ў камп’ютар, а не расказвае жонцы, дзе бываў і што бачыў.

Ці хацеў бы ён з’ездзіць у Нідэрланды як «роварны рай», жонка нават не ведае. Вандравалі звычайна па «папсовых» турыстычных краінах. Але згадвае: Андрэй казаў, што хацеў бы з’ездзіць у Славенію, дзе бываў у студэнцкія часы. Андрэю спадабаўся іхны падыход да мовы (калі слова для чагосьці няма, не пазычаюць, а прыдумляюць сваё: не аэраплан, а letálo) і да жыцця (там вітаюцца нават з незнаёмцамі).

Андрэй Кузнечык і Алеся Рак у адпачынку. Фота: асабісты архіў Алесі Рак

Напісаць Андрэю Кузнечыку можна на адрас: СІЗА № 1. 220030. Менск, Валадарскага 2.

«Мама даслала з СІЗА бабуліна папяровае сэрца – для ўнукаў». Як жыве сям’я пінскіх палітвязняў Маўшукоў

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны