Прэвентыўны ўдар BYPOL па Генеральным штабе Беларусі. Чым спецслужбы Лукашэнкі займаюцца ў Польшчы?

Інтэрнэт узарвала інфармацыя пра спецыяльнае вайсковае падраздзяленне для выканання любых, нават самых брудных загадаў Лукашэнкі – у тым ліку і забойстваў палітычных апанентаў за мяжою. Працаўнікі між іншага павінны валодаць англійскай, а таксама польскай ці літоўскай мовамі. Ці здольныя беларускія спецслужбы паспяхова праводзіць аперацыі ў ліквідацыі праціўнікаў рэжыму на тэрыторыі іншых дзяржаваў? Чым займаліся беларускія спецслужбы апошнімі гадамі на тэрыторыі Польшчы? Ці звязаныя яны з забойствам Паўла Шарамета ва Украіне?

9-ы аддзел Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ) Генеральнага штабу. Падраздзяленне, у заданні якога ўваходзіць у тым ліку ліквідацыя палітычных апанентаў Лукашэнкі за межамі Беларусі, было створанае ў 2014 годзе па ініцыятыве начальніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі генерал-маёра Алега Белаконева. Такую інфармацыю апублікавала ініцыятыва «ByPol».

BYPOL: Існуе вайсковае падраздзяленне, якое мае займацца знішчэннем апанентаў Лукашэнкі за мяжой

Каментуе Ігар Лобан, ініцыятыва «ByPol»:

«Што датычыць аплаты, наўрад ці мы можам казаць, што яна моцна адрозніваецца ад аплаты звычайных вайскоўцаў кантрактнай службы. Датычна адбору, ён вядзецца сярод спецыялістаў, якія будуць гатовыя выканаць пастаўленыя перад імі задачы і з якіх можна зляпіць спецыялістаў самага высокага ўзроўню. Па інфармацыі, якую мы цяпер маем, яны занятыя менавіта рыхтаваннем, шліфаваннем сваіх навыкаў».

«ByPol» сцвярджае, што кожны працаўнік падраздзялення абавязаны прайсці навучанне на вайскова-дыпламатычным факультэце Вайсковай акадэміі альбо ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі КДБ. Акрамя агентурных дысцыплінаў, за тры гады навучання неабходна засвоіць дзве замежныя мовы – як правіла англійскую і польскую або літоўскую. Што намякае на скіраванасць дзейнасці вайсковай адзінкі. Мы звярнуліся па каментар да былога польскага антытэрарыста і працаўніка спецслужбаў.

Анджэй Мрочэк, Цэнтр даследавання тэрарызму Калегіуму Цывітас, Польшча:

«За апошнія некалькі гадоў спецслужбы публікавалі ў медыях выпадкі затрымання асобаў беларускай нацыянальнасці, якія выконвалі выведныя заданні на тэрыторыі Польшчы. Таксама Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы некалькі гадоў таму затрымала свайго работніка, які ўвайшоў у сяброўскі кантакт з кабетай, падазраванай у працы на беларускія спецслужбы. Так што апошнія некалькі гадоў мы можам назіраць пэўную інтэнсіфікацыю працы беларускіх спецслужбаў на тэрыторыі Польшчы».

У той жа момант некаторымі адмыслоўцамі інфармацыя пра рыхтаванне да фізічнай ліквідацыі апанентаў рэжыму Лукашэнкі на тэрыторыі іншых краінаў успрымаецца даволі стрымана.

Лаўрынас Касчунас, старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы:

«На гэты праект мы мусім глядзець зблізку і бачыць працэс, які нам можа пагражаць. Ці, можа, гэта яшчэ адна правакацыя? Усё тут можа быць. Аналіз мы, канечне, зробім. Але я думаю, што гэта больш інструмент запужвання. Каб крытыкі маўчалі, каб палітыкі не былі такім прынцыповымі».

Што праўда, пасля публікацыі аўдыязапісу, на якім былы кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў у 2012 годзе гаворыць пра планы фізічнай ліквідацыі Паўла Шарамета, з’яўленне адмысловага падраздзялення для выканання падобных задачаў не выглядае чымсьці неверагодным. Пагатоў Шарамета забілі ў Кіеве ў 2016-м – праз два гады пасля меркаванага стварэння 9-га аддзелу ГРУ Генштабу. Цяпер ва Украіне будуць разглядаць і магчымы беларускі след у забойстве вядомага журналіста.

Хто спыніць тэрарызм Лукашэнкі? Аналіз міжнародных наступстваў

Ігар Лобан, ініцыятыва «ByPol»:

«Спецаперацыі за мяжою рыхтуюцца вельмі доўга. І калі казаць пра расейскамоўныя краіны, то гэта будзе зрабіць прасцей, чым у краіне Еўрапейскага Звязу, напрыклад. Бо рыхтаванне займае вельмі доўгі час: распрацоўка легенды, задання, адпрацоўка і разведка магчымых месцаў правядзення аперацыі. Таму ўсё залежыць ад месца і асобы, якую патрабуецца нейтралізаваць».

Анджэй Мрочэк, Цэнтр даследавання тэрарызму, Калегіум Цывітас, Польшча:

«У мінулым былі сігналы, што з Беларусі дасылаюць выканаўцаў такіх своеасаблівых выракаў. Гэта расейская школа. Калі мы паглядзім на знішчэнне непажаданых асобаў расейскімі спецслужбамі, падобным чынам выглядае і таемная праца беларускіх спецслужбаў на тэрыторыі Польшчы. Абясшкоджванне альбо збор кампраматнай інфармацыі на грамадзянаў Беларусі за мяжою: тое, што істотна інтэнсіфікавалася апошнім часам з прычыны ўнутранай сітуацыі ў Беларусі. Адпаведна, высылаюцца асобы для маніторынгу дзейнасці людзей, якія могуць патэнцыйна ствараць пагрозу для рэжыму Лукашэнкі».

Агулам, гісторыя беларуска-польскага супрацьстаяння спецслужбаў налічвае шмат выпадкаў выкрыцця замежных агентаў як беларускім, так і польскім бакамі. Апошні здарыўся якраз у снежні 2020 года, калі беларускі бок заявіў пра спробы вербавання польскімі спецслужбамі двух беларускіх афіцэраў, якія былі ў Польшчы на службе. Што праўда, шмат пра якія выпадкі няма звестак. І тым больш каштоўная цяпер інфармацыя, якую апублікавалі ў «ByPol».

Ігар Лобан, ініцыятыва «ByPol»:

«Тое, што мы атрымалі гэтую інфармацыю і той пасыл, які мы зрабілі Генеральнаму штабу, кажа пра тое, што мы ведаем гэтых асобаў, гэтыя асобы ўжо не будуць бліжэйшым часам накіраваныя для выканання такіх аперацыяў. Бо іх дэанон прывядзе да выключэння іх з выкарыстання за межамі краіны».

У той жа момант, як паказвае практыка, спецслужбы могуць за грошы наймаць людзей, увогуле не звязаных з агентураю, для выканання рознага кшталту брудных заданняў кшталту збіцця пэўных асобаў, іх запужвання ці крадзяжу рэчаў ды інфармацыі.

Анджэй Мрочэк, Цэнтр даследавання тэрарызму, Калегіум Цывітас, Польшча:

«Беларускія сілавыя структуры адназначна не даравалі паводзінаў сваіх былых працаўнікоў, якія ўцяклі на тэрыторыю Польшчы і тут вядуць пэўную інфармацыйную ды адукацыйную дзейнасць. Адпаведна, гэтыя асобы – у пэўнай небяспецы, бо беларускія генералы ў сувязі з гэтаю сітуацыяй маглі пастанавіць правесці аперацыі на тэрыторыі Польшчы. І таму трэба быць асцярожнымі».

Відавочна, з’яўленне ў гульні рэжыму Лукашэнкі з Захадам ініцыятывы сумленных беларускіх сілавікоў сур’ёзна раздражняе нелегітымнага кіраўніка Беларусі. Аднак публікацыя настолькі сакрэтных планаў рэжыму сведчыць пра тое, што далёка не ўсім нават на высокіх пасадах у сілавым блоку падабаецца тое, што цяпер адбываецца ў краіне.

Зміцер Міцкевіч

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 11 лютага 2021 г.

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны