Вернікі Чырвонага касцёлу звярнуліся да кіраўніка МЗС з просьбай аб адкрыцці святыні


Вернікі парафіі Святых Сымона і Алены звярнуліся з адкрытым лістом да міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка з просьбай, каб ён паспрыяў адкрыццю Чырвонага касцёлу, зачыненага для малітваў пасля пажару ў верасні 2022 года. Звяртаюцца па ягоную дапамогу, бо менавіта Алейнік прадстаўляў раней Беларусь у Ватыкане.

Касцёл Святых Сымона і Алены. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

«Пасля ўзгарання 26 верасня 2022 года наш касцёл закрыты і апячатаны. Гэта боль у нашых сэрцах. Ужо чацвёрты месяц вернікі, а іх у парафіі больш за 10 тысячаў, пазбаўленыя сваёй святыні, а дзеці – магчымасці наведваць нядзельную школу. Спынілася культурная калядная і навагодняя дзейнасць», – гаворыцца ў звароце.

Каталікі нагадваюць міністру, што ўзгаранне адбылося ў прыбудове (канцылярыі) і закранула ўсяго толькі плошчу 20 квадратных метраў. Між тым, інфармацыя наконт прычыны пажару – «вельмі супярэчлівая». У звароце гаворыцца, што парафіянам Чырвонага касцёлу спачуваюць не толькі каталікі, якіх у Беларусі больш за 2 мільёны, але і вернікі іншых канфесіяў.

«Вы доўгі час прадстаўлялі Беларусь у Ватыкане і як ніхто іншы ведаеце духоўна-міратворчую накіраванасць Апостальскай сталіцы, якая ажыццяўляецца ва ўсіх храмах свету, у тым ліку ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Менску, які вы самі наведвалі…» – звяртаюцца вернікі да міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка, просячы аб садзейнічанні ў справе адкрыцця касцёлу.

Пасля ўзгарання, якое з невядомых прычынаў здарылася ў касцёле, улады 6 кастрычніка 2022 года разарвалі з парафіяй дамову аб бясплатным карыстанні будынкам Чырвонага касцёлу. Пазней заяўлялі, што сабор забралі для правядзення рамонту. Каталіцкая парафія накіроўвала адкрыты ліст на адрас Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дапусціць упаўнаважаных прадстаўнікоў парафіі для агляду пашкоджаных пажарам збудаванняў і заявілі, што пажар мог быць не выпадковым.

Улады да гэтага часу не дазваляюць вернікам маліцца ў сваім храме, а пробашч парафіі Уладзіслаў Завальнюк працуе дворнікам пры касцёле. На сёння імшы для для вернікаў парафіі Чырвонага касцёлу адбываюцца ў катэдральным касцёле Менску на плошчы Свабоды.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў