«Вэрдэн ХХІ стагоддзя». Украіна дагэтуль адмаўляе захоп Салядару Расеяй


Украінскі Салядар з 10 тысячамі даваеннага насельніцтва, пра захоп якога выключна сваімі сіламі яшчэ 10 студзеня заявіў кіраўнік расейскай ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын, паводле ўкраінскага боку дагэтуль застаецца пад кантролем Збройных сілаў Украіны.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine

Як адзначылі ў Міністэрстве абароны Расеі, захоп Салядару, «які мае важнае значэнне для працягу паспяховых наступальных дзеянняў», быў завершаны ўвечары 12 студзеня. У ведамстве заявілі, што гэта стала магчыма дзякуючы пастаяннай агнявой паразе праціўніка авіяцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй і схаванаму манеўру падраздзяленняў ПДВ.

Важнасць Салядару перабольшаная

Пра «верагоднае ўзяцце расейскімі войскамі Салядару», хоць і 11 студзеня, паведамляе і амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). На думку экспертаў, «расейскія сілы, верагодна, кантралююць большую частку, калі не ўвесь Салядар, і, верагодна, выцеснілі ўкраінскія сілы з заходняй ускраіны паселішча».

Але, дадаюць у ISW, гэта «не ёсць важнай падзеяй у аператыўных адносінах і наўрад ці абяцае немінучае акружэнне Бахмуту расейцамі»:

«Расейскія інфармацыйныя аперацыі перабольшылі важнасць Салядару, што ў найлепшым выпадку ёсць піравай тактычнай перамогай расейцаў».

Больш за тое, эксперты мяркуюць, накіраванне Расеяй значных рэсурсаў для тактычнай перамогі пад Салядарам «паскорыць верагодную кульмінацыю аслабленых расейскіх сілаў пад Бахмутам».

Украіна не пацвярджае захопу

У сваю чаргу намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што ўкраінскія «байцы смела спрабуюць утрымаць абарону». Паводле яе, у ноч на 13 студзеня ў Салядары працягваліся баі, «вораг кінуў амаль усе асноўныя сілы на данецкі кірунак і падтрымлівае высокую інтэнсіўнасць наступу».

Таксама і спікер Сілаў абароны Украіны Усходняга кірунку палкоўнік Сяргей Чараваты адзначыў, што інфармацыя аб захопе гораду не адпавядае рэчаіснасці, баі працягваюцца. Паводле яго, у Салядары ўкраінскія вайскоўцы адбіваюць атакі «вагнэраўцаў» і іншых спецыяльных падраздзяленняў расейскай арміі.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine

Чараваты заявіў, што супернік спрабуе адмыслова распаўсюджваць ілжывую інфармацыю пра сітуацыю ў горадзе, каб пасеяць засмучэнне сярод украінцаў.

«Ідзе пазіцыйная вайна, тактычны малюнак мяняецца ў той ці іншы бок. Не трэба ўспрымаць нейкія манеўры як вялікую паразу», – сказаў ён.

Страты расейцаў нашмат большыя

У сваю чаргу кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у размове з французскім выданнем «Le Monde» параўнаў сітуацыю ў Бахмуце і Салядары з бітвай пры Вэрдэне ў 1916 году.

«Сітуацыя цяжкая, нават вельмі цяжкая. Гэта бітва пры Вэрдэне XXI стагоддзя. Баі ідуць ужо некалькі месяцаў, але нашым байцам удаецца ўтрымліваць пазіцыі. Расейцы выпускаюць з турмаў злачынцаў, якія паміраюць, як толькі дабіраюцца да лініі фронту. Іхныя целы пакідаюць на месцы, іх нават не прыбіраюць, чалавечых стратаў з расейскага боку шмат, нашмат больш, чым у нас», – дадаў Ярмак.

Бітва пры Вэрдэне, якая ўвайшла ў гісторыю як «Вэрдэнская мясарубка» – самая доўгая бітва Першай сусветнай вайны. Падчас яе за дзесяць месяцаў 1916 года загінулі больш як 700 тысяч вайскоўцаў з двух бакоў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў