Святлана Ціханоўская пра вызваленне палітвязняў: Гатовыя ў любы момант пачаць перамовы з прадстаўнікамі рэжыму


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што вызваленне палітвязняў – адзін з найважнейшых прыярытэтаў працы Аб’яднанага пераходнага кабінету, які ў любы момант гатовы пачаць перамовы пра вызваленне з прадстаўнікамі рэжыму. Заяву апублікавалі на афіцыйным тэлеграм-канале беларускай лідаркі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Фота: Белсат

«Мы гатовыя ў любы момант весці дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку пачаць перамовы з прадстаўнікамі рэжыму, каб вырашаць пытанні ўмоваў утрымання і (ці) вызвалення палітычных закладнікаў. Мы падымаем усе магчымыя кантакты і пляцоўкі для пачатку такога дыялогу», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Святлана ўдакладніла, што дзеля вызвалення беларускіх палітычных вязняў могуць разглядацца любыя формы перамоваў – нефармальныя кантакты ці афіцыйныя перамовы пры вонкавым пасярэдніцтве на міжнародных пляцоўках.

Беларуская дэмакратычная лідарка нагадала, што каардынуе працу ў развязанні праблемаў і пытанняў вызваленні палітвязняў у Абʼяднаным пераходным кабінеце былая палітзняволеная Вольга Гарбунова – прадстаўніца кабінету ў сацыяльных пытаннях:

«Мы адкрытыя для абмеркавання дзеянняў і ўмоваў, у выніку якіх спыняцца новыя арышты і палітычна матываваныя крымінальныя пераследы. Мы гатовыя працаваць на вызваленне любога і кожнага, хто пацярпеў за сваю палітычную пазіцыю.

Роўна як і на стварэнне ўмоваў для бяспечнай магчымасці вярнуцца ў Беларусь для людзей, вымушаных уцякаць ад рэпрэсіяў».

10 студзеня сваякі палітвязняў выступілі са зваротам да сусветнай супольнасці, заклікаючы да «больш рашучых дзеянняў» для вызвалення іхных блізкіх. 12 студзеня стала вядома пра вызваленне з «хіміі» Пятра Зіневіча. Паводле праваабаронцаў, ён выйшаў на свабоду паводле амністыі. На раніцу 13 студзеня ў Беларусі былі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1437 чалавек. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у нашай краіне з палітычных прычынаў у няволі ўтрымліваюцца больш за 1700 чалавек.

Hавiны
Сваякі палітвязняў звярнуліся да міжнародных лідараў з заклікам дзеяць больш рашуча
2023.01.10 11:11

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў