Справа загінулага ў Берасці дыпламата: закрылі ці «замялі»?


Генеральная пракуратура Літвы абвесціла пра спыненне следства паводле справы ваеннага аташэ консульства Літвы ў Горадні Вітаўтаса Пацюнаса (Vytautas Pociūnas). Ягонае цела знайшлі пад вокнамі берасцейскага гатэлю «Інтурыст» 23 жніўня 2006 года.

Гэтае дасудовае следства стала ўжо чацвёртым. У выніку першага расследавання ў 2006 годзе Генпракуратура высветліла, што прычынаю смерці афіцэра Пацюнаса стаў няшчасны выпадак. Аднак на патрабаванне ўдавы загінулага Людвікі Пацюніене (Liudvika Pociūnienė), якая цвердзіла, што ейнага мужа забілі, следства штораз узнаўлялася.

Апошняе расследаванне зноў не знайшло доказаў таго, што смерць Пацюнаса стала наступствам злачынства або крымінальнага правапарушэння. Пракурор Артурас Урбяліс (Artūras Urbelis) адзначыў, што крымінальны працэс паводле злачынстваў у дачыненні жыцця магчымы толькі тады, калі іх выканаў грамадзянін або рэзідэнт Літвы. У гэтым выпадку следства не высветліла прычыны сувязі паміж дзеяннямі грамадзяніна ці рэзідэнта Літвы і смерцю Пацюнаса.

Насуперак пракуратуры выступаў камітэт нацыянальнай бяспекі ды абароны, які наладзіў уласнае расследаванне. Яго прыхільнікаў некаторыя літоўскія выданні ахрысцілі «аматарамі тэорыі змовы». Аднак былы старшыня камітэту Матулявічус даводзіць, што Вітаўтаса Пацюнаса зліквідавалі спецслужбы Літвы з прычыны актыўнай дзейнасці ў расследаванні карупцыі сярод уладных колаў краіны: «Пацюнас заўжды змагаўся з эканамічнымі злачынствамі ды ў гэтым сэнсе шмат каму быў нязручны. Яшчэ падчас сваёй працы на Ігналінскай АЭС ён раскрыў крадзеж уранавых касетаў. Пазней ён патрапіў у дэпартамент дзяржбяспекі, дзе з усёю сур’ёзнасцю заняўся эканамічным кірункам».

За гады працы ў дэпартаменце Пацюнас расследаваў ценявы бок дзейнасці гэтак званага «клану дзяржаўнікаў»: сувязі былога прэзідэнта Раландаса Паксаса з расейскім бізнесоўцам Юрыем Барысавым, планы прыватызацыі чыгункі Літвы, непразрыстасць бухгалтэрыі газавага імпарцёру «Dujotekana». Таксама ў вядзенні афіцэра была справа аб знікненні ў Літве ля $ 35 млн, выдаткаваных уладамі ЗША на дэмакратызацыю палітычнага рэжыму ў Беларусі. Як вядома, незадоўга да смерці Пацюнас сустракаўся з амбасадарам ЗША ў Менску Джорджам Кролам.

Пацюнаса не выпадкова адправілі на працу ў гарадзенскае консульства, цвердзіць Матулявічус. «Не было сэнсу накіроўваць працаўніка дзяржбяспекі на вонкавапалітычную службу і яшчэ ў такое дробнае падраздзяленне. Напярэдадні выхаду на пенсію кіраўніцтва магло адправіць Пацюнаса дыпламатам у заможную краіну Захаду. А адправілі ў нядобранадзейную краіну, дзе ўсе «выпадковасці» лёгка спісаць на магутныя ўнутраныя спецслужбы».

Чарговы замах?

Жонка дыпламата Людвіка Пацюніене цвердзіць, што ейнага мужа забілі.Жонка дыпламата Людвіка Пацюніене цвердзіць, што ейнага мужа забілі.Следствам разглядалася некалькі версіяў гібелі дыпламата. Найбольшую ўвагу журналістаў прыцягнула версія пра тое, што Пацюнас у стане алкагольнага ап’янення спраўляў натуральную патрэбу, стоячы на падаконніку, згубіў раўнавагу і зваліўся. Сям’я і знаёмыя загінулага абурыліся з гэткага паклёпу на заслужанага дзяржаўнага дзеяча, уладальніка ганаровага крыжа Віціса. Падчас экспертызы, аднак, на падаконніку быў зафіксаваны толькі адзін адбітак рукі, што адкінула «брудную» версію.

Паводле Матулявічуса, у Літве ўжо здзяйснялася спроба замаху на Пацюнаса. Афіцэр распавядаў, як аднойчы ехаў на машыне, яго абагнаў грузавік, які перавозіў незамацаваныя належным чынам бетонныя трубы. Адна з трубаў зляцела з кузаву, Пацюнасу цудам удалося пазбегчы фатальнага сутыкнення.

Між тым, лідар літоўскага Адраджэння Вітаўтас Ландсбергіс (Vytautas Landsbergis) таксама выказаў сумнеў у гібелі дыпламата праз неасцярожнасць: «Такіх выкідаў з акна здараецца нямала і ў камуністычных, і ў посткамуністычных краінах. Гэта спосаб ліквідаваць непажаданых асобаў».

Удава дыпламата Пацюніене заявіла, што мае намер чарговы раз абскарджваць пастанову Генпракуратуры ў судзе.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў