БТ рэкламуе "Белсат"?


Белтэлерадыёкампанія (БТРК) падзякавала «Белсату» за атрыманую ўчора спадарожнікавую талерку і заявіла пра гатовасць прыняць далейшую тэхнічную дапамогу.

Наш падарунак дырэктару БТРК меў на мэце дапамагчы Генадзю Давыдзьку стварыць сваё меркаванне пра «Белсат», каб не быць галаслоўным у ацэнках дзейнасці калегаў. На жаль дзяржаўныя журналісты ўбачылі ў падарунку «далёка не чыстыя намеры». З іншага боку прыемна бачыць, што калегі імкнуцца выконваць указ № 537 “Аб абвяшчэннні 2013 года Годам беражлівасці”.

“З улікам аб’яўленага ў нашай краіне Года беражлівасці Белтэлерадыёкампанія гатовая ўжо ў хуткім часе накіраваць у “Белсат” дадатковы пералік абсталявання, якое дазволіць НАМ яшчэ больш якасна рабіць нашу працу, а польскім журналістам – вырашаць свае фінансавыя праблемы і існаваць за кошт вяртання падатку на дабаўленую вартасць на мяжы”. – гаворыцца ў паведамленні БТ.

У сваю чаргу кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі ўзаемна дзякуе калегам:

«Вось яна – карпаратыўная салідарнасць, салідарнасць беларускіх тэлевізійнікаў! Ніколі б не падумаў, што буду дзякаваць «найбуйнейшаму беларускаму медыяхолдынгу» за сяброўскую рэкламу”!

Ведаючы пра сапраўдную незалежнасць беларускіх дзяржаўных медыяў, спадзяемся, што ў парыве салідарнасці прэс-рэліз Белтэлерадыёкампаніі неадкладна перадрукуюць усе іншыя дзяржаўныя СМІ. Калі дазволіце, можам яшчэ рэгулярна дасылаць праграму перадач нашага каналу для далейшага распаўсюду.

Так, маем яшчэ некалькі відэакамераў, разбітых амапаўскім ботам падчас падзеяў 19 снежня 2010 года – ахвотна перадамо іх вам. Шкада толькі, што «tax free» ужо «зрубіць» за іх не атрымаецца.

З найлепшымі пажаданнямі, Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў тэлеканалу «Белсат».

belsat.eu

Стужка навінаў