Нельга дамоў. Там мянты

Малады чалавек з тых, хто з’ехаў, напісаў у камісію для «вяртанцаў» – напэўна, не вытрымаў настальгіі. Адказу не дачакаўся, ірвануў на радзіму і сеў. Ненадоўга, на год, але паехаў у самую сапраўдную калонію. Адной дзяўчыне надышоў час мяняць пашпарт. Заехала ненадоўга і затрымалася на 3 гады «хатняй хіміі» (дзякуй богу). Такія выпадкі – штодзённая з’ява. Лік затрыманых ідзе на дзясяткі, калі не на сотні, але людзі ўсё едуць і едуць. І трапляюць у няволю.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пра гэта пішуць СМІ, тэлеграм-каналы, але інфармацыя не спыняе новых ахвочых выпрабаваць лёс. Як быццам свядомасць не хоча ўпускаць у сябе думку, што ўсё, што адбылося і адбываецца, – гэта рэальнасць, а не займальны серыял ад HBO, які можна ў любы момант выключыць і пайсці прагуляцца па «Замку» або Зыбіцкай, зазірнуць на матч хакейнага «Дынама» або інакш прыемна бавіць час.

Рэальнасць менавіта такая. І звычайны хлопец Рома Бандарэнка быў забіты да смерці. І мастак Алесь Пушкін памёр у турме. І Марына Золатава, рэдактарка TUT.by, асуджаная на 12 гадоў за выкананне прафесійных абавязкаў.

Праз адміністратыўныя і крымінальныя суды прайшлі ўжо больш за 50 000 чалавек, якія не здзейснілі нічога супрацьзаконнага. Палітвязняў – 1500 асобаў. Здавалася б, веданне гэтых лічбаў і фактаў павінна не пакідаць сумненняў у адказе на пытанне «Можа, пранясе?», але паток не спыняецца.

Настальгія можа быць страшным, цяжкім пачуццем. На радзіму можа цягнуць так, што ўсё астатняе здаецца неістотным, а рызыкі – прымальнымі. Ажно да моманту арышту.

Беларусь змянілася. Той краіны, у якой мы ўсе жылі да 2020 года, куды так цягне «вяртанцаў», больш няма. Вуліцы тыя ж, дамы на іх стаяць, і нават рэстараны новыя адкрываюцца, але «Мой бізнес» на ОНТ немагчымы, немагчымае святкаванне 100-годдзя БНР каля Опернага тэатру, а за такія тэксты, якія выдаваў памочнік прэзідэнта Кірыл Руды годзе так у 2015-м, цяпер садзяць у турму.

І БАТЭ, які перамагае «Баварыю», няма, і «Крумкачоў», якія прарваліся ў вышэйшую лігу, няма. Няма і не будзе. Не будзе проста таму, што эфектыўныя прыватныя праекты цяпер не магчымыя. Як і шмат чаго іншага.

У першым квартале 2024 года канцэртная афіша Менску выглядае так: Шуфуцінскі з Лепсам, Праснякоў і вечна жывы Томас Андэрс. Ну і Бутусаў з Гаршэневым заедуць. Гэта афіша нейкага расейскага абласнога цэнтру, а не сталіцы незалежнай еўрапейскай краіны. Прычым і цэнтр такі сабе, не з першых.

І гэта яшчэ не самае галоўнае. Людзі. Шмат хто з’ехаў, а колькі маўчаць? Ну вось проста заціхлі з цалкам зразумелых прычынаў.

Гаварыць, ствараць сёння небяспечна для жыцця. У кожнага ёсць хтосьці, хто альбо сядзеў, альбо сядзіць, альбо… будзе сядзець.

Будзе-будзе, куды ж падзенецца. Нават ужо мінулыя суды, прызначаныя штрафы, адміністратыўныя арышты і крымінальныя тэрміны не мусяць супакойваць. Пасля падзеяў 1917 года больш за 2 млн чалавек пакінулі Расею. Частка з іх (паводле некаторых звестак, каля 800 тысяч) вярнулася праз тую самую настальгію і паверыўшы бальшавікам. Ім потым, гадоў праз дзесяць-пятнаццаць, у 1930-я, прыгадалі гэтае вяртанне, і ніякія рашэнні «камісіяў для вяртання» нікому не дапамаглі – Калыма і расстрэлы.

Ці можа такое здарыцца ў Беларусі? Паспрабуйце знайсці аргументацыю. Чаму? Што павінна спыніць?

Свядомасць беражэ чалавека і, таму «смерць – гэта тое, што бывае з іншымі». Але, на жаль, гэта адбываецца з намі, і адбываецца проста цяпер. Нельга дамоў. Там цяпер мянты. Самыя сапраўдныя, не з тэлевізара.

Hавiны
Не менш за 465 палітычна матываваных судоў: за што беларусаў пераследавалі ў лістападзе
2023.12.09 22:48

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў