Камеры СІЗА ў Сімферопалі забітыя мабілізаванымі


Мужчыны-ўкраінцы, якія выязджаюць з акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, праходзяць праз так званыя фільтрацыйныя пункты. Там расейскія вайскоўцы забіраюць у іх дакументы і тэлефоны для праверкі. Акрамя таго, у кожнага дадаткова вывучаюцца ўсе татуіроўкі на целе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына лепіць плакат з выявай вайскоўца і надпісам «Расейскі салдат – ваяр-вызваліцель!» у акупаваным Сімферопалі, Крым, Украіна. 4 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / AFP / East News

Калі першыя праверкі доўжацца даволі хутка, то падчас апошняй людзей трымаюць пад вартай, як падазраваных у крымінальных злачынствах. Такім месцам, куды накіроўваюць украінцаў, якія ўцякаюць ад вайны з паўднёвых тэрыторыяў, становіцца СІЗА ў Сімферопалі.

Жыхар вёскі Алёшкі паведаміў «Белсату», што сам пакінуў акупаваную тэрыторыю за некалькі месяцаў да падрыву дамбы Кахоўскага вадасховішча. Ён як пенсіянер прайшоў толькі праз падвойнае фільтраванне. Тэлефона пры сабе не меў. Але яго трымалі ў СІЗА Сімферопалю больш за месяц, а потым адпусцілі.

Пасля падрыву дамбы некалькі дзясяткаў чалавек вымушаныя былі эвакуявацца на паўвыспу Крым, ратуючыся ад затаплення. Яны таксама праходзілі «праверкі» і вымушаныя былі чакаць рашэння акупацыйных уладаў у СІЗА.

Барыс К. (дзеля бяспекі сваякоў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, прозвішча не называем) паведаміў, што ў камеры сімферопальскага СІЗА разам з ім былі яшчэ пяць чалавек. Усе яны былі салдатамі, якія былі зусім нядаўна мабілізаваныя, і, якія адмовіліся ваяваць супраць Украіны. Высветлілася, што і ў іншых камерах прыкладна такая ж карціна. Падазраваныя ў крадзяжах і іншых крымінальных злачынствах складаюць самую нязначную частку кантынгенту арыштаваных.

«Адмоўнікаў» перыядычна водзяць на допыты, дзе ім пагражаюць і ўжываюць супраць іх фізічны гвалт. Дакладна невядомая колькасць людзей у камерах СІЗА, якія адмаўляюцца ваяваць. Афіцыйна ў СІЗА павінна быць 817 асобаў, якіх падазраюць у розных злачынствах. Але на практыцы гэтая лічба заўсёды значна большая – следчыя турмы перапоўненыя.

Не выключана, што перыядычна арыштаваных «адмоўнікаў» завозяць у спецыяльную турму ў Бранку Луганскай вобласці. Там трымаюць салдат і афіцэраў расейскага войска, якія падалі рапарты аб нежаданні працягваць службу і ўдзельнічаць у ваенных аперацыях. Таксама не выключана, што і СІЗА Сімферопалю стала выконваць такую ​​ж функцыю.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў