Як з беларускім пашпартам патрапіць ва Украіну? Актывістка Паліна Бродзік распавядае пра ўласны досвед


Створаны прэцэдэнт, які абмяжоўвае ў правах грамадзян з сінім пашпартам (беларусаў), як пасажыраў аўтобусаў кампаніі «Экалайнс», што рухаюцца з Польшчы ва Украіну.

Так не ўзялі адначасова на борт трох беларусак, і сярод іх актывістку Паліну Бродзік. Каардынатарка цэнтру Free Belarus Center, які быў створаны ў Кіеве ў жніўні 2020 года для дапамогі беларускім палітычным уцекачам, не пусцілі на рэйс Варшава – Адэса, якім Паліна мусіла дабрацца да Львова. Прычым, як распавядае дзяўчына, касірка, калі прадавала квіток, адразу папярэдзіла, што беларусам патрэбная віза, а без яе «Экалайнс» не будзе браць на борт.

Паліна Бродзік, каардынатарка Free Belarus Center.
Фота: РБК-Украіна

На каго гэта разлічана – не вядома. Беларусам віза ва Украіну не была патрэбная раней, няма ў ёй неабходнасці і зараз. Гэта ўсяго толькі вольныя інтэрпрэтацыі працаўнікоў. А людзі, якія не вельмі глыбока разбіраюцца ў заканадаўстве, могуць трапіць у гэтыя пасткі.

«Экіпаж адмовіўся мяне браць з вакзалу, аргументуючы гэта ўнутранымі распараджэннямі» – распавяла Паліна карэспандэнту «Белсату».

«Цяпер, аказваецца, кіроўцы ўкраінскіх лініяў кампаніі «Экалайнс» мусяць сфатаграфаваць дакументы пасажыра, калі ў нечым сумняюцца, і выслаць іх па інтэрнэце свайму кіраўніцтву. Там разглядаюць пытанне і тэлефануюць кіроўцу аб канчатковым рашэнні».

У дадзеным выпадку Паліне Бродзік і яе суайчынніцам адмовілі ў пасадцы. Беларусцы дазволілі асабіста азнаёміцца з гэтым цыркулярам унутраных правілаў. У ім гаворыцца: «Згодна з пунктам 5.3 Правілаў – адмовіць у паездцы, калі ў экіпажа аўтобуса ёсць падазрэнні, што праязныя дакументы могуць выклікаць праблемы з памежнымі службамі і затрымку падчас праходжання мяжы».

«Складана сказаць, – распавядае ў працяг нашай размовы Паліна Бродзік, – ці ўвогуле цяпер не будуць браць на борт аўтобусаў украінскіх кірункаў гэтай кампаніі асобаў з беларускім грамадзянствам. Але прыкра, што майго сталага віду на жыхарства ва Украіне і запрашэння ад валанцёрскай грамадскай арганізацыі ўпершыню было недастаткова.

«Белсат» звярнуўся па каментар у кампанію «Автолюкс» ва Украіне. Там мы прыдбалі такі адказ:

«Хочам заўважыць, што асобы, якія з’яўляюцца грамадзянамі краіны-агрэсара і Беларусі праходзяць дадатковы кантроль на мяжы, які можа працягвацца даволі доўгі час. А аўтобус павінен здзяйсняць рэйс паводле зацверджанага маршруту, атрыманага дазволу і раскладу, таму не можа чакаць у выпадку затрымання пасажыра на кантролі для індывідуальнага агляду/праверкі/афармлення прыпамежных альбо мытных фармальнасцяў, ды прымушаць іншых пасажыраў рэйсу чакаць».

У кампаніі «Автолюкс» вырашылі пайсці па шляху найменшага супраціву і зарубіць магчымую праблему на карню, наўпрост адпраўляючы людзей у касу вяртаць квіткі. Ці так робяць кіроўцы іншых кампаніяў, якія займаюцца перавозкамі па Украіне, не вядома. Бо беларусы пакуль не агалошвалі публічна, як гэта зрабіла Паліна Бродзік, пра падобныя выпадкі. Самая Паліна, доўга не думаючы, купіла квіток на цягнік і паспяхова дабралася да месца прызначэння. Паводле дзяўчыны, на чыгуначным маршруце вырашаюць не кіроўцы, а памежнікі і там значна больш шанцаў апынуцца на тэрыторыі Украіны своечасова.

Ілюстрацыйны здымак. Цягнік Пакроўск – Львоў. 5 жніўня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

У цягніку праваднікі асобна пазначаюць грамадзян Беларусі і Расеі, але не замінаюць пасадцы. Бо рашэнне прымаецца непасрэдна на мяжы, а значыць, на адно звяно ў ланцугу перашкодаў меней. Што тычыцца коштаў, то, са словаў Паліны, безумоўна на цягніку выходзіць даражэй, хаця, пры гэтым, і нашмат больш камфортна.

«Але я думаю, што ў сённяшняй сітуацыі для нас, беларусаў, задача не ў тым, каб ашчадзіць грошы, а каб увогуле даехаць. Таму я адназначна раіла б цягнік. Адзінае, дадам, лепей ехаць не на выходных, а ў працоўны час. Тады шанец на хуткае прыняцце рашэння значна павышаецца»

Паліна глядзіць на сітуацыю так, што лепей спадзявацца на дзяржаўныя органы Украіны, а не на прыватныя кампаніі.

«Адбыўся невялікі допыт, спраўдзілі тэлефон, праз хвілінаў 30 вынеслі пазітыўнае рашэнне. Выглядала, што гэта стандартная працэдура, аднолькавая для беларусаў і расейцаў. Выводзяць з цягніку, кажуць чакаць на вуліцы. Калі разгляд мяркуе заняць больш за гадзіну – цягнік ад’язджае без чалавека».

Бліжэйшым часам беларусам, зразумела, лягчэй у гэтым пытанні не будзе. Асабліва на фоне чакання, што ў Беларусь неўзабаве прыбудуць тысячы расейскіх вайскоўцаў. І гэтым разам ужо ніхто не кажа, як доўга расейскія вайскоўцы прабудуць у Беларусі.

Разбор
У Беларусі задумалі абмежаваць выезд з краіны дзяржслужбоўцам, вайскоўцам і фактычна – каму захочуць
2022.10.12 16:40

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў