У Польшчы пашкоджаны трубаправод, па якім расейская нафта ішла ў Германію


Аператар польскага адцінку нафтаправоду «Дружба» – кампанія PERN – заявіла аб разгерметызацыі на трубапровадзе, якім расейская нафта ішла ў Нямеччыну. Пра гэта гаворыцца ў прэсавым рэлізе на сайце кампаніі.

Схема нафтаправоду «Дружба». Скрыншот. Крыніца: pikabu.

Выцек з нафтаправоду «Дружба» выявілі ўвечары 11 кастрычніка.

«Позна ўвечары ў аўторак сістэмы аўтаматызацыі PERN выявілі выцек у нафтаправодзе «Дружба» на адной з дзвюх галінаў заходняга ўчастку нафтаправоду – прыкладна за 70 кіламетраў ад Плоцку. Гэта асноўны шлях, якім сырая нафта трапляе ў Нямеччыну», – гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Кампанія таксама паведаміла, што на гэты час прычыны здарэння невядомыя, пашкоджаная галіна нафтаправоду была неадкладна адключаная, другая галіна нафтаправоду працуе без зменаў. На месца здарэння выехалі выратавальныя службы PERN і супрацоўнікі Дзяржаўнай пажарнай служба Польшчы, каб ацаніць сітуацыю і пачаць выратавальную аперацыю.

Глабальнае пытанне
Шантаж праваліўся: куды Пуцін запхне вуглевадароды?
2022.09.19 12:32

Паведамляецца таксама, што іншыя элементы інфраструктуры PERN, у тым ліку паморскі адцінак, які транспартуе сырую нафту танкерамі ў Польшчу, а затым і ў Нямеччыну, працуюць у штатным рэжыме.

Паводле інфармацыі польскага выдання «RMF F», атрыманай з месца падзеі, разліў здарыўся на кукурузным полі, часткова – у жывёлагадоўчым цэнтры. «Няма ніякіх прыкметаў таго, што хтосьці наўмысна пашкодзіў трубаправод», – паведамляе выданне са спасылкай на пажарнкаў, якія працавалі на месцы. Са словаў аператыўных службаў, вызначыць прычыны паломкі можна будзе толькі пасля таго, як адпампуюць усю нафту. На месцы разліву нафту збіраюць тры цыстэрны.

Тое ж выданне прыводзіць словы ўпаўнаважанага ўраду ў пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Матэўша Бэргера (Mateusz Berger), які заявіў, што няма падставаў падазраваць, што ў гэтым месцы адбылася дыверсія. Са словаў Бэргера, імаверна, гэта было выпадковае пашкоджанне.

Месца выцеку нафты на трубапровадзе «Дружба», 12 кастрычніка 2022 года.
Фота: Bartłomiej Seklecki / RMF MAXX

Нафтаправод «Дружба» забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і яе транзіт у Еўропу. Трубаправод бярэ свай пачатак у Самарскай вобласці, праходзіць праз Бранск і далей разыходзіцца на два кірункі – паўночны і паўднёвы, праходзіць праз Беларусь, Украіну, Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Нямеччыну, Вугоршчыну, Латвію, Літву. PERN кіруе сеткай нафтаправодаў працягласцю 2,6 тысячы кіламетраў, уключаючы польскі ўчастак «Дружбы», ажыццяўляе пастаўку нафты на два НПЗ у Польшчы – у Плоцку («Орлен») і Гданьску («Лётас»), а таксама на два НПЗ у Нямеччыне – у мясцовасцях Швэт (Schwedt) і Шпэргаў (Spergau).

Hавiны
У Расеі спрабавалі падарваць нафтаправод «Дружба»
2022.06.12 13:55

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў