«Злілі» рэальную статыстыку: у Менску да 3076 новых выпадкаў COVID-19 за дзень


У афіцыйнай статыстыцы Міністэрства аховы здароўя па ўсёй Беларусі выяўляюць не больш за 2000 новых выпадкаў за дзень. А ў «злітай» статыстыцы толькі ў Менску бывае ў паўтара разу больш.

Машына хуткай дапамогі на тэрыторыі шпіталю № 2. Горадня, Беларусь. Кастрычнік 2021 г.
Фота: Белсат

Партал Zerkalo.io атрымаў ад менскага супрацоўніка сістэмы аховы здароўя дакумент, у якім сабраныя экстраныя спавяшчэнні аб станоўчых тэстах на COVID-19, зарэгістраваныя ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Менску. Звестак пра смяротнасць няма.

У дакуменце пазначаныя асабістыя звесткі пацыентаў, інфармацыя пра дыягназ і ўстанову, якая яго выставіла. Некалькі медыкаў з розных установаў пацвердзілі парталу сапраўднасць дакументу – пазначаныя пацыенты сапраўды мелі станоўчы тэст у іхных установах. Некалькі згаданых пацыентаў пацвердзілі выданню, што маюць станоўчы тэст.

Hавiны
Крыніца: У Воршы за выходныя – больш за 20 памерлых у шпіталі, бальшыня – ад COVID-19
2021.10.07 16:42

Не супадае з афіцыйнай статыстыкай па днях, амаль супадае ў суме

Згодна атрыманаму дакументу, у Менску за адзін толькі дзень 7 кастрычніка было 3089 экстраных спавяшчэнняў пра 3076 пацыентаў з 83 клінік, лякарняў і медцэнтраў (пра некаторых пацыентаў спавяшчэнні прыходзілі паўторна).

«Zerkalo» сцвярджае, што, паводле звестак парталу, за перыяд з 29 верасня да 10 кастрычніка колькасць спавяшчэнняў пра каронавірус вагалася ад 859 (на выходных выяўляюць меней) да 3089 за 7 кастрычніка і 3049 за 8 кастрычніка. Гэтыя звесткі не супадаюць з афіцыйнымі, хоць сума новых выпадкаў за гэты перыяд амаль супадае (23 600 – з розніцай 43 выпадкі).

Партал дадае, што методыка падліку Міністэрства здароўя не раскрывалася – невядома, што ў іхнай тэрміналогіі значаць «зарэгістраваныя пацыенты». Магчыма, іх «рэгіструюць па-міністэрску» не ў той жа дзень, калі быў станоўчы тэст.

Hавiны
У Шчучыне ў разгар пандэміі звольнілі адзінага інфекцыяніста
2021.10.11 12:11

Партрэт менчука, хворага на COVID

З дакументу за 7 кастрычніка складваецца такая карціна адносна пацыентаў, у якіх у Менску выявілі каронавірус:

  • прынамсі 94 % не вакцынаваныя (толькі 40 з 3076 былі вакцынаваныя, пра 86 няма звестак аб вакцынацыі),
  • 60 % – жанчыны,
  • кожны трэці – старэйшы за 50 гадоў,
  • самы стары пацыент – 95-гадовая жанчына,
  • няпоўнагадовых – 6,8 % (210 з 3076),
  • дзяцей да 1 года – 11, дзяцей узростам 1 год – яшчэ 9,
  • прафесіі хворых самыя розныя: інфікаваныя працуюць ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, страўнях, крамах, гатэлях, банках, аэрапорце і транспартавых арганізацыях, на заводах і ў IT, у сілавых структурах…
Hавiны
Ці ўратуе масачны рэжым ад пандэміі?
2021.10.09 23:34

АА belsat.eu

Стужка навінаў