Футбольны чэмпіянат Беларусі не спыняць, нягледзячы на COVID. У «Энергетыку» захварэлі ўжо 10 гульцоў


У 2020 годзе Беларусь была адзінай краінай у Еўропе, якая падчас пандэміі не спыніла чэмпіянату па футболе. Тады пахварэлі футбалісты, заўзятары ды журналісты. Падобна, Федэрацыя футболу высноваў не зрабіла.

Трэніровачны матч футбольных клубаў «Энергетык-БДУ» і «Смаргонь». Менск, стадыён РЦАР-БДУ. 10 кастрычніка 2021 года.
Фота: energetikbgu.by

На выходныя запланаваныя сем гульняў 26-га туру чэмпіянату краіны. Матчы мусяць прайсці ў Менску, Смаргоні, Берасці, Мазыры і Салігорску.

Паводле інфармацыі «Белсату», у Федэрацыю футболу паступіла просьба ад менскага «Энергетыка-БДУ» аб пераносе нядзельнай гульні супраць берасцейскага «Дынама», бо ў камандзе масава хварэюць на COVID-19 – вядома пра прынамсі 10 хворых гульцоў. Можна меркаваць, што менскі клуб атрымае адмову, бо такія прэцэдэнты ўжо былі.

Фота
Ці выконваюць самі ўлады масачны рэжым? ФОТА
2021.10.12 13:22

Увесну 2020 года Федэрацыя адмовіла ў пераносе гульні берасцейскаму «Дынама», калі ў камандзе з гораду над Бугам была падобная сітуацыя. Дынамаўцам прыйшлося ехаць у Смалявічы, сабраўшы каманду «з тых, хто застаўся здаровы», і губляць балы ў гульні з адным з аўтсайдараў. Той матч скончыўся з лікам 3:3.

Каронавірус у менскі клуб прыходзіць ужо другі раз: вясной мінулага года гульцы і трэнеры «студэнтаў» ужо хварэлі на COVID-19. Тады трэнер каманды Уладзімір Бяляўскі на прэс-канферэнцыі на пытанне журналіста «Белсату» наконт каронавіруса адказаў: вядома, страшна гуляць у такой сітуацыі ў футбол, але яны не могуць не гуляць, бо футбалісты – людзі паднявольныя.

Пасля гэтага футбалістам забаранілі казаць пра хваробу. Але хвароба нікуды не падзелася.

Hавiны
Аляксандр Апейкін: самая вялікая праблема – спортам кіруюць непрафесіяналы
2021.10.09 18:41

Кіраўнік Берасцейскага гарвыканкаму тым часам абяцае бясплатны ўваход на гульні берасцейскага «Дынама» усім вакцынаваным заўзятарам:

«Прышчэпленыя гараджане акрамя клопату пра сваё здароўе і бяспеку іншых змогуць атрымліваць і пэўныя бонусы. Аднымі з першых такую акцыю для вакцынаваных правядзе нашае футбольнае «Дынама». Да канца сезону на хатнія матчы каманды можна будзе трапіць бясплатна! Для гэтага неабходна толькі прад’явіць сертыфікат аб вакцынацыі», – напісаў кіраўнік Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук у сваім Telegram-канале.

Берасцейскаму «Дынама» ў гэтым сезоне засталося правесці два хатнія матчы. Такім чынам, прышчэпленыя берасцейцы змогуць зэканоміць ад 3 да 16 рублёў. Мінулая хатняя гульня «Дынама» сабрала 2024 заўзятары.

Hавiны
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе займеў хваробу, якую забаронена называць
2021.10.04 20:44

АС belsat.eu

Стужка навінаў