Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб праверцы ўсіх рашэнняў вайскова-лекарскіх камісіяў


12 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, згодна з якім павінна пачацца праверка рашэнняў вайскова-лекарскіх камісіяў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага 2022 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.ua

Указ, які падпісаў Уладзімір Зяленскі, быў прыняты Радай нацбяспекі і абароны Украіны 30 жніўня. Згодна з ім прадугледжваецца стварэнне рабочых груп, якія павінны пераправерыць абгрунтаванасць рашэнняў вайскова-лекарскіх камісіяў аб інваліднасці і непрыдатнасці да службы.

Усе рашэнні будуць правераныя цягам трох месяцаў. І ў выпадку, калі высветліцца, што тое ці іншае рашэнне было неабгрунтаваным, будзе ініцыяваны яго перагляд, а інфармацыю перададуць у праваахоўныя органы.

Акрамя таго, на працягу двух тыдняў павінна быць апрацавана пытанне асаблівасцяў перасячэння мяжы ўкраінцамі, якія былі прызнанымі непрыдатнымі або абмежавана прыдатнымі да вайсковай службы.

Нагодай для прыняцця такога дакумента стала вялікая колькасць выпадкаў, калі здаровых мужчын прызнавалі непрыдатнымі да вайсковай службы, а людзей з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем – абмежавана прыдатнымі.

Згодна з заявай сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксея Данілава, пасля праверак прозвішчы лекараў, якія бралі хабар і вызвалялі ад службы прыдатных да яе людзей, абавязкова апублічаць. Тых жа, хто ўхіляўся такім чынам ад службы, таксама чакае адказнасць.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў