Агенты Федэральнага бюро расследаванняў правялі ператрус у доме былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Мар-а-Лага ў панядзелак 8 жніўня.
Падчас вобыску былі канфіскаваныя 11 пакетаў сакрэтных дакументаў. З іх чатыры – з грыфам «цалкам сакрэтна», тры – з грыфам «сакрэтна» і яшчэ тры – канфідэнцыйныя. Больш падрабязнай інфармацыі пра змест дакументаў пакуль няма, паведамляе «The Wall Street Journal».
Таксама падчас ператрусаў у рэзідэнцыі Трампа былі канфіскаваныя каля 20 скрынь з рэчамі, падшыўка фатаграфій, рукапісная запіска, указ аб памілаванні яго паплечніка Роджэра Стоўна і асабістая справа на прэзідэнта Францыі.
Адвакаты Трампа сцвярджаюць, што ён выкарыстоўваў свае паўнамоцтвы, каб рассакрэціць матэрыялы перад сыходам з пасады прэзідэнта. Нягледзячы на гэта, існуюць федэральныя правілы, якія ўстанаўліваюць працэс для гэтага.
Раней паведамлялася, што нацыянальны архіў ЗША прасіў вярнуць 15 скрынак з дакументамі «цягам многіх месяцаў» і звярнуўся ў FBI праз імаверную пагрозу знішчэння гэтых дакументаў. «Спадар Трамп вядомы тым, што падчас свайго прэзідэнцкага тэрміну знішчаў афіцыйныя паперы, прызначаныя для захоўвання ва ўрадавых архівах», – пра гэта ў лютым пісала «The Washington Post».
Са словаў Трампа, яго ніхто не апавяшчаў аб ператрусе. Сам ператрус Трамп назваў «неабавязковым» і абвінаваціў FBI у парушэнні працэдураў, а «радыкальна-левых дэмакратаў» – Дэмакратычную партыю ЗША – у выкарыстанні праваахоўнай сістэмы як зброі. Ён лічыць, што дэмакраты «дужа не хочуць ягонага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2024 года».
Алена Рувіна belsat.eu