Чаму набыванне жылля больш не радуе

«Не радуе. Купілі трохпакаёўку, сто метраў, жонка абжываецца, талеркі купляе, але таксама неяк без радасці. Хоць скажы ёй тры гады таму, што зможам гэтую кватэру без праблем набыць – прабіла б столь, дзыгаючы ад шчасця.  Нешта не тое дзеецца», – паспрабаваў патлумачыць прыяцель. У яго ўсё нармальна, бізнес – пастаўкі з Расеі. У яго жыцці нічога не памянялася, а вось – кватэра не радуе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жылыя дамы ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«Бацькі капытом рыюць – купляй ужо, ты ж збіраў дзесяць гадоў, хопіць на здымным жыць, – дзеліцца другі знаёмы меркаваннямі. – І я гляджу, на ўсе каналы пра неруш падпісаны, і не магу. Хоць бацькі дастануць, укладуся, напэўна».

Тлумачэнне свайму настрою абодва як быццам не ўсведамляюць, але, калі пакапацца, усё проста.  Наперадзе – нявызначанасць. З’язджаць не хочуць, таму што «каму мы там патрэбныя», але і тут вясёлкавых перспектыў не бачаць.

Жанчыны лягчэй фармулююць, што адчуваюць. Ілона з мужам нядаўна набылі двухпакаёўку, да гэтага сем гадоў здымалі. Кажа: «Зразумела, што наперадзе д…па, але мой Славік сказаў, што плануе тут жыць і памерці. Куды я без Славіка. Хоць свой дах будзе. Але ўвесь час, калі думаю аб будучыні, страшна.  Як думаеш, а калі вайна дойдзе?».

Калі вайна. Рэакцыя людзей на ўварванне ва Украіну здранцвенне і страх. Два месяцы мала хто думаў аб жыллёвым пытанні. Тыя, у каго былі грошы ў банках, спрабавалі іх адтуль атрымаць, хай часткамі, хоць неяк без далёка ідучых планаў. Да чэрвеня вырашылі, што бомбы падаць не будуць, Пірс не ператварыцца ў Ірпень, а Смалявічы – у Бучу. Тое, што ляжыць у банку, можна безнаяўнымі рублямі пералічыць на долевае будаўніцтва… І зноў вярнуліся да вырашэння жыллёвага пытання.

Цэны абрынуліся да прымальных, і трэба нешта з грашыма рабіць. Зараз статыстыка па колькасці набытага жылля выглядае як істэрыя.  «Каму мы там патрэбныя» ўраўнаважваецца «каму мы тут здаліся», а таму кватэры скупляюцца актыўна, але – гэта аўтаматычнае дзеянне, адзіны спосаб паспрабаваць пераканаць сябе, што ўсё ў парадку, усё па плане. Падсвядомасць патрабуе веры ў тое, што, можа быць, потым, калі-небудзь, усё наладзіцца.

Але тыя, хто прызвычаіўся думаць, задаюць сабе новыя пытанні. Пакуль беларускія каналы з інфармацыяй – спрэс экстрэмісцкія, чытаюць/глядзяць расейскія эканамічныя. Сочаць за парай расейскі рубель/даляр. За Набіулінай і творчасцю «ўзламанага» і сапраўднага Мядзведзева.

Тут яшчэ беларускія ўлады вырашылі ўзбадзёрыць пагрозай дэдаларызацыі запатрабавалі адвязаць арэндныя стаўкі ад валюты. Наогул не згадваць даляр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жылыя дамы ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Цяпер у сеціве актыўна абмяркоўваецца пытанне, на што жыхарам намякаюць? Адмаўляемся ад даляра, пачынаем любіць расейскі рубель? Калі больш за палову гандлёвага абароту на яго завязана…

Яшчэ адна плётка бадзёрыць. Сутнасць яе у Менску хоча будаваць жыллё ПИК. Найбуйнейшы забудоўшчык Расеі. Той, што забяспечвае стаўкі па іпатэцы ад 1, 9% гадавых, але там, у Расеі, дзе рынак падае.

Накшталт, Менск маленькі, і ўсе сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія Лукашэнка так зберагаў, ужо размеркаваныя паміж арабамі і, па дробязі, беларусамі. Але ёсць неараныя  незабудаваныя палі адразу за кальцавой так што ёсць, што прапанаваць.

У цяперашняй сітуацыі пытанне выхаду Менска за свае межы завязанае (заканадаўча) выключна на Лукашэнку. Калі ПИК захоча паспрабаваць іх асвоіць і прапануе нешта значнае, будзе будаваць.

Але гэта будзе яшчэ адным цвіком у вечка труны незалежнасці. Прастора для веры ў тое, што калісьці пачнецца рух уверх, змяншаецца. Няма яе нават у вернікаў у рэжым асацыяцый «аднаўленне СССР»  развіццё.

Як хутка адаптуюцца да новай рэчаіснасці тыя, хто вырашыў застацца? Пакуль, бачу, што тыя, у каго ёсць інтэлект і прыбыткі, не адаптаваліся. Знаходзяцца ў маркоце, але кватэркі шукаюць. І тут і, калі накапленняў хапае за межамі патэнцыйнага СССР-2. Больш актыўна, чым раней.

«Мы купілі кватэру ў Турцыі. Не смейся, папярэджвае яшчэ адзін прыяцель. Гэта адзіны даступны варыянт, калі будуць канчаткова закрывацца межы. На ёй не заробіш, але калі тут пачнецца нешта, я хоць жонку з дочкамі адпраўлю ў бяспечнае месца. Калі самалёты яшчэ будуць лётаць…». Гэта той чалавек, які таксама не хоча з’язджаць. У якога тут працуе бізнэс, дом у Бараўлянах і яшчэ нядаўна былі вялікія планы.

Статыстыка паказвае, што беларусы актывізаваліся ў якасці пакупнікоў нерухомасці за мяжой. Не толькі тыя, якія з’ехалі, але і тыя, якія знаходзяцца і цалкам камфортна працуюць тут. Хто можа, рыхтуе запасны аэрадром. Пачуццё «кватэра тут не радуе», мяркуючы па лічбах, аб’ядноўвае…

Дзяніс Бятонны / Герон belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў