Раскопкі, якія спачатку не давалі вынікаў, могуць завершыцца сенсацыяй. Пра незвычайную знаходку расказаў «Магілёўскі рэгіён».
У 1654 годзе пачалася вайна, якая ўвайшла ў гісторыю як Трынаццацігадовая: Расейскае царства атакавала Рэч Паспалітую, скарыстаўшы як нагоду памылку паслоў у напісанні царскага тытулу. 22 ліпеня войскі Масквы ўзялі штурмам Мсціслаў, забілі не менш за 10 тысяч чалавек, пакінулі ў жывых сем сотняў, якіх затым вывезлі ў Масковію. Ад імя вайсковага начальніка маскоўцаў Аляксея Трубяцкога тыя падзеі назвалі Трубяцкой разнёй.
У 2021 годзе археолагі вядуць раскопкі ў мсціслаўскім кармеліцкім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Адзін невялікі раскоп зрабілі пасярод цэнтральнага нефу. Звычайна ў падобных касцёлах пад цэнтральным нефам ёсць скляпенні, якія выкарыстоўваюць як крыпту, але ў мсціслаўскім касцёле скляпенні абыходзілі цэнтральную частку і былі пад бакавымі нефамі.
Спачатку археолагі знаходзілі ў раскопе ў цэнтральным нефе толькі рэшткі цэглы і керамікі, але на глыбіні двух метраў пабачылі чалавечыя парэшткі і фрагмент тканіны, характэрны для адзення манахаў-кармелітаў.
Гісторык і кандыдат навук Аляксандр Агееў, які бярэ ўдзел у раскопках, выказаў меркаванне: гэта могуць быць манахі, якія сталі ахвярамі Трубяцкой разні. У час яе касцёл быў драўляны, а мураваны касцёл будавалі ў 1768 годзе – не выключана, што пахаванне адмыслова пакінулі ў цэнтры святыні. Тым больш над знойдзеным пахаваннем – фрэска з выявай Трубяцкой разні.
АА belsat.eu