Літва: «Выкарыстанне міграцыі як зброі – нават больш цынічна за захоп самалёта»


Літва заклікала ўвесці новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з нелегальнай міграцыяй.

Габрыелюс Ландсбергіс.
Фота: Reuters

Еўразвяз мусіць разглядзець увядзенне пятага пакету санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі ў сувязі з арганізацыяй уладамі палётаў грамадзянаў трэціх краінаў у Беларусь і высыланнем іх у Еўразвяз нелегальнымі шляхамі, перадае Reuters словы міністра замежных справаў Літвы Габрыелюса Ландсбергіса.

Міністэрства замежных справаў Літвы да таго апублікавала заяву адносна крызісу з нелегальнай міграцыяй, у арганізацыі якога вінаваціць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

«Выкарыстанне міграцыі як зброі супраць краінаў Еўразвязу – нават больш цынічна, чым захоп самалёта «Ryanair», – заявіў Ландсбергіс.

Ён таксама назваў нелегальную міграцыю «зброяй гібрыднага нападу», адказ на якую мусіць быць супольны і «балючы».

«Нашая палітыка павінна ў цэлым перашкаджаць іншым рэжымам выкарыстоўваць народ як інструмент палітычнага шантажу супраць Еўразвязу агулам», – дадаў ён.

Літва пачала ставіць на мяжы з Беларуссю агароджу з калючага дроту, агульная працягласць якой мае скласці 550 км. На мяжы пачынае спецыяльную аперацыю еўрапейская памежная служба Frontex. Плынь нелегальнай міграцыі не спыняецца: ад раніцы нядзелі да раніцы панядзелка літоўскія памежнікі затрымалі на беларускай мяжы 60 чалавек, якія спрабавалі незаконна перайсці мяжу. Агулам з пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 1676 чалавек, што ў 20 разоў больш за ўвесь 2020 год.

Пра затрыманні людзей, якія спрабуюць нелегальна перайсці мяжу з боку Беларусі, паведамлялі і з Польшчы. Дадатковыя патрулі на мяжы выстаўляе Латвія.

Hавiны
«Вы што там, ачумелі?» Што трэба ведаць пра выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі
2021.06.30 19:40

Макей: «Беларусь ніколі не была ініцыятарам дэстабілізацыі»

Міністр замежных справаў ураду Лукашэнкі Уладзімір Макей тым часам заявіў расейскаму «RT», што «Беларусь ніколі не была выпладнем зла, як цяпер нас спрабуюць прадставіць, ніколі не была ініцыятарам нейкіх дзеянняў, скіраваных на дэстабілізацыю сітуацыі ў нашым рэгіёне».

Уладзімір Макей падчас відэаканферэнцыі «Усходняга партнёрства».
Фота: mfa.gov.by

Аднак Макей дадаў, што пасля «правалу спробы дзяржаўнага перавароту» дзяржава мусіць адказваць Захаду на санкцыі «адэкватна тым негатыўным крокам, якія прадпрынятыя і будуць прадпрынятыя адносна Беларусі».

Якім будзе афіцыйны адказ на санкцыі, не паведамляецца. Пакуль афіцыйна Беларусь толькі выйшла з «Усходняга партнёрства» і скасавала дамову пра рэадмісію.

Аднак Лукашэнка да пачатку міграцыйнага крызісу пагражаў, што Беларусь больш не будзе спыняць «наркотыкі і мігрантаў» пасля таго, як Еўропа «пачала гібрыдную вайну». Таксама Лукашэнка прыгразіў спыніць транзіт праз Беларусь нямецкіх тавараў і імпарт з Нямеччыны.

Аналітыка
Забытыя мільёны. Колькі грошай Беларусь атрымала ад Еўразвязу на ўмацаванне мяжы?
2021.07.09 07:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў