Святлана Ціханоўская прызначыла Сяргея Зікрацкага сваім прадстаўніком у прававых пытаннях


Адвакат Сяргей Зікрацкі, які з’ехаў у Вільню пасля забароны на адвакацкую дзейнасць, быў прызначаны прадстаўніком Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях.

Святлана Ціханоўская з адвакатам Сяргеем Зікрацкім.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

На гэтай пасадзе Сяргей Зікрацкі будзе працаваць над рэформаю механізмаў абароны правоў беларусаў, каардынаваць працу ўніверсальнай юрысдыкцыі, Міжнароднай платформы ў справе адказнасці і пазоваў у замежныя дзяржавы супраць прадстаўнікоў рэжыму.

«Упэўнены, што амаль кожны беларус за апошні год адчуў на сабе наступствы прававога дэфолту. Я як адвакат сутыкаўся з гэтым кожны дзень. Мой калега Максім Знак, які аказваў юрыдычную дапамогу Святлане Ціханоўскай раней, проста цяпер за кратамі. За кратамі з палітычных матываў застаюцца і сотні іншых людзей. Перад намі стаіць задача абараняць правы беларусаў на міжнародным узроўні і падрыхтаваць канцэпцыю рэформы заканадаўства ў самых розных сферах, каб укараніць іх у новай Беларусі», – адзначыў Сяргей Зікрацкі.

Сяргей Зікрацкі – адзін з найлепшых беларускіх адвакатаў. Апошнім часам ён выступаў абаронцам у палітычна матываваных справах, у тым ліку ў працэсах над журналістамі. У сакавіку яго пазбавілі ліцэнзіі за каментары ў СМІ і выключылі з Менскай абласной калегіі адвакатаў.

Пасля гэтага адвакат з’ехаў з Беларусі і з 1 траўня перабывае ў Вільні.

Пасля ад’езду на сваёй старонцы ў Facebook Зікрацкі напісаў, што ў Беларусі яго пазбавілі любімай прафесіі ды бізнесу, але ён спадзяецца хутка вярнуць у свабодную краіну:

«Мяне пазбавілі маёй любімай прафесіі, пазбавілі майго бізнесу. Ці павінен я гневацца і злавацца на гэтую краіну? Гневацца – так, злавацца на краіну – не. Я люблю Беларусь і разумею, што тое зло, якое адбываецца сёння ў маёй краіне, робяць пэўныя людзі. І гэтыя людзі не маюць нічога агульнага з Беларуссю».

Hавiны
Адвакат Сяргей Зікрацкі з’ехаў у Вільню
2021.05.03 11:22

АД, belsat.eu

Стужка навінаў