Партыю беларускіх цыгарэтаў на амаль 2 мільёны долараў затрымалі на мяжы з Польшчаю, паведамляе аддзяленне польскай мытні ў Беластоку.
Памежнікі спынілі латвійскі грузавік для агляду на прапускным пункце Будзіска. Паводле дакументаў, у трэйлеры павінен быў быць корм для жывёлы, аднак у хадзе правярання высветлілася, што прычэп быў запоўнены пачкамі нелегальных цыгарэтаў.
Усяго ў грузавіку было 500 тысяч пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі на суму каля 7,5 мільёна злотых. Гэта каля 2 мільёнаў долараў, а ў выпадку незаконнага перапродажу тавару ў Польшчы бюджэт краіны страціў бы каля 3 мільёнаў долараў.
Кіроўцу грузавіка часова арыштавалі на 3 месяцы. Яму пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам да 10 гадоў.
АД, belsat.eu