Тэлеграм-канал «Кибер-партизаны» апублікаваў уласны план перамогі, у якім «ёсць месца для кожнага беларуса».
У прыватнасці план прадугледжвае ў «Момант Х» запуск «мноства акцый, накіраваных на ліквідацыю фашысцкага рэжыму». Дакладная дата застанецца невядомай да самога «Моманту Х», які прызначаецца, «зыходзячы з неабходнай ступені гатовасці партызанскіх арганізацыяў і ўсёй пратэставай супольнасці». Перад гэтым будзе абвешчаная «Фаза Х» – часовы адрэзак, «у любым пункце якога можа быць абвешчаны «Момант Х» і які «ўвядзе рэжым у наймацнейшы стрэс і, у выніку, яго выматае».
«Тэрарысты ва ўладзе не змогуць бестэрмінова ўтрымліваць усю сістэму ў стане поўнай гатовасці. Невядомая паводле працягласці «Фаза Х» ператоміць рэжым, канцэнтрацыя будзе слабець, хуткасць рэакцыі зніжацца. Адначасова з гэтым пройдзе шэраг спланаваных намі мерапрыемстваў, якія прывядуць да незваротных наступстваў для рэжыму», – гаворыцца ў плане.
Кіберпартызаны рыхтуюць мноства камп’ютарных атак на інфраструктуру дзейных уладаў, прыкладанне, якое здольнае паралізаваць унутраныя сеткі, мабілізацыю партызанскай супольнасці з дапамогай Мапы ўразлівых кропак і забеспячэнне бяспекі мірных шэсцяў.
«Каб пазбегнуць вонкавых умяшанняў, з якой-небудзь боку, неабходна сфармаваць палітычны суб’ект, здольны неадкладна прыняць часовую ўладу з моманту перамогі і да новых, свабодных і дэмакратычных выбараў. Мы апалітычныя, таму заклікаем усіх палітычных лідараў 97% абʼяднацца з мэтай фармавання вышэйпаказанага субʼекта», – гаворыцца ў заяве.
Пры гэтым яны адзначылі, што «Момант Х» не наступіць да 9 траўня.
МГ belsat.eu