Агнешка Рамашэўская-Гузы: Мы не можам дазволіць сабе маргіналізаваць найважнейшы медыйны праект


11 сакавіка ліквідатар TVP (Польскае грамадскае тэлебачанне з канца мінулага года застаецца ў працэсе ліквідацыі юрыдычнай асобы) Даньель Горгаш падчас асабістай сустрэчы прапанаваў дырэктарцы і заснавальніцы «Белсату» Агнешцы Рамашэўскай-Гузы датэрмінова прыпыніць кантракт па ўзаемнай згодзе бакоў пасля 17 гадоў кіравання тэлеканалам.

Агнешка Ромашевская-Гузы, телеканал Белсат
Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы ў рэдакцыі. Варшава, Польшча. 8 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Заўваг да працы дырэктаркі не было, а рашэнне было абгрунтаванае новымі выклікамі ў звязку са скарачэннем бюджэту тэлеканалу ў 2024 годзе (з запланаваных сёлета 75 млн злотых да 40 млн злотых). Пры гэтым ліквідатар TVP прапанаваў Агнешцы Рамашэўскай-Гузы вельмі выгадныя фінансавыя ўмовы датэрміновага скасавання кантракту.

Дырэктарка «Белсату» адхіліла прапанову ліквідатара TVP, матывуючы гэта адсутнасцю ўпэўненасці ў далейшым існаванні тэлеканалу. Паводле яе, скарачэнне бюджэту «Белсату» амаль на 47 % можа прывесці да звальнення большай часткі журналістаў і працаўнікоў тэлеканалу, што ў сваю чаргу адабʼецца на скарачэнні эфірнай сеткі і колькасці праграмаў. Усё гэта ставіць пад пытанне лёс і далейшае існаванне тэлеканалу. Сітуацыю пракаментавала «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы:

У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі «Белсат», несумненна, –  элемент польскай нацыянальнай стратэгіі. У дзвюх суседніх з намі краінах на Усходзе пануе сапраўдны таталітарызм, а ў трэцяй ідзе поўнамаштабная вайна. Акрамя таго, Расея і Беларусь вылучаюць непараўнальна большыя рэсурсы, чымся тое, што прапаноўвалася для працы «Белсату», на гіганцкія кампаніі для дэзынфармацыі і прапагандысцкую машыну. Таму мы не можам дазволіць сабе маргіналізаваць найважнейшы медыйны праект, які як у Польшчы, гэтак і за мяжою супрацьстаіць гэтым дзеянням і забяспечвае нам кантакт з паняволенымі грамадствамі постсавецкай прасторы. Ніякая сума, прапанаваная мне за разрыў кантракту, не кампенсуе шкоды, якую панясе Польшча.

Намеснік дырэктара тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі таксама выказаў занепакоенасць будучыняю «Белсату»:

Як адзін з тых, хто разам з Агнешкаю Рамашэўскаю-Гузы ствараў «Белсат» з самога пачатку, я шчыра шкадую, што такая сітуацыя адбылася. Спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы шмат гадоў паспяхова кіруе камандай, якая мае бясспрэчныя заслугі ва ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і ў барацьбе з прапагандаю.

Такога меркавання прытрымліваецца і намесніца дырэктаркі Бэата Красіцка:

Я стала сузаснавальніцаю гэтага праекту 17 гадоў таму, бо памятаю, якое значэнне мела для палякаў радыё «Свабодная Еўропа» ў час Польскай Народнай Рэспублікі… «Белсат» стаўся незвычайным медыяінстытутам з вялікімі магчымасцямі і аўдыторыяй. Цяпер, падчас вайны ва Украіне і рэпрэсіямі ў Беларусі, праца праекту яшчэ больш неабходная. І вельмі цяжка будзе працягваць працу пры скарочаным удвая бюджэце і без чалавека, які стварыў і паспяхова кіраваў тэлеканалам усе гэтыя гады.

9 лютага ў адкрытым лісце да міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага каманда «Белсату» заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і работнікаў «Белсату». Раней кіраўніцтва тэлеканалу некалькі разоў спрабавала звязацца з Міністэрствам замежных справаў і кіраўніцтвам Польскага грамадскага тэлебачання.

«Мы пачыналі трансляцыю як беларускамоўнае спадарожнікавае тэлебачанне і за 17 гадоў выраслі ў адно з найбуйнейшых медыяў такога кшталту, якое транслюе з тэрыторыі ЕЗ амаль на ўсю тэрыторыю былога СССР. Гэта таксама ваш – польскі – эфектыўны інструмент мяккай сілы; ваш поспех і справа нашага жыцця. Праца, за якую сёння 17 нашых калегаў расплачваюцца свабодай і здароўем, застаючыся ў беларускіх турмах», – напісала каманда «Белсату».

Інтэрв’ю
Паўтара дзесяцігоддзя ў эфіры. «Белсат» – адна з найвялікшых справаў у маім жыцці»
2022.12.10 13:19

belsat.eu

Стужка навінаў