Людміла Самусенка, маці палітвязняў: «Сям'ю парвалі на кавалкі і раскідалі»


Людміла Самусенка, маці Аляксея і Кіма.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

33-гадовы Аляксей і 31-гадовы Кім – браты Самусенкі. Менчукі з нараджэння і эканамісты паводле адукацыі.

Абодва Самусенкі – аматары гістарычных рэканструкцыяў, страйкболу і палявання. Кіма зняволілі 3 лістапада, Аляксея – 5-га. Абодвух вінавацяць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Кіма дадаткова вінавацяць паводле артыкулу 349 – «Несанкцыянаваны доступ да кампʼютарнай інфармацыі».

У сям’і Аляксея расце 5-гадовы сын Вова, у сям’і Кіма – аднагадовая дачка Лада.

Аляксей Самусенка (з мікрафонам) на вяселлі брата Кіма. Фота з сямейнага архіву

Праваабарончая супольнасць прызнала братоў Самусенкаў палітычнымі вязнямі.

Першае, што зрабіла, – спаліла мужавы чаравікі

– Вось шчыт, якім я намагалася бараніць сваіх сыноў, – Людміла Самусенка дастае з шафы льняную кашулю і тлумачыць. – Гэтая вышыванка – тое, што маці можа зрабіць для сваіх сыноў. У верасні ў Кіма было вяселле, ён прыбіраўся ў гэтую кашулю, гэта ягоны вясельны строй.

Андрэй Самусенка, бацька Аляксея і Кіма.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Аўтэнтычныя беларускія строі сваім сынам і мужу спадарыня Людміла стварае ўласнаручна: не толькі вышывае, але і вырабляе льняныя ды ваўняныя тканіны на аўтэнтычным ткацкім станку ў гарадской кватэры. На ім гаспадыня і тчэ яшчэ адзін шчыт – байку мужу Андрэю.

– Мы знайшлі гэты станок на гарышчы ў суседзяў, прывезлі, наладзілі, – Людміла паказвае, як працуе хатняя мануфактура.

Сям’я карэнных гараджанаў Людмілы і Андрэя Самусенкаў набыла вясковую хату каля Баранавічаў, калі нарадзіліся двое сыноў, «каб дзеці раслі ў еднасці з прыродай, а не з асфальтам». А ў выніку і самі засвоілі адвечныя беларускія традыцыі – вясковае гаспадаранне і паляванне.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Першае, што я зрабіла, калі прыехалі ў вёску, – гэта спаліла ў печы чаравікі мужа, – смяецца Людміла. – Паставілі сушыць – і яны так добра ўзяліся гарэць! А гэта пачатак 90-х гадоў быў: нічога ў крамах няма, вяртацца няма ў чым. І вось ён босы на ровары паехаў у суседнюю вёску, каб там нейкія кеды набыць. Суседзі пасля смяяліся: наш чалавек будзе.

Кім марыў развіваць кіберспорт, а калі ён штосьці задумае, то абавязкова даможацца свайго

– Лепш спытаць, хто на мітынгі і шэсці не хадзіў, – кажуць пра падзеі жніўня і свой удзел у іх сужэнцы Самусенкі. Дасюль сям’я жыла ў рамантычнай атмасферы нацыянальнай гісторыі і культуры.

– «Паўночны замак» і «Дрэва жыцця» – так называўся клуб, які мы заснавалі з Кімам, – кажа спадарыня Людміла.

Ткацтва, рэканструкцыя строяў сярэднявечча, рыцарскай амуніцыі ды зброі, удзел у рыцарскіх фестывалях – такім быў шматгадовы лад жыцця ўсёй сям’і. У выніку Аляксей і Кім скончылі беларускамоўную гімназію № 4, але вышэйшую адукацыю атрымалі эканамічную.

– Яны абодва глядзелі на ўсе падзеі праз прызму логікі ды эканомікі і вельмі добра разумелі, што адбываецца ў краіне. А падчас выбараў нават муж спрабаваў быць назіральнікам, але не зарэгістравалі, – адзначае спадарыня Людміла.

– Кім марыў развіваць кіберспорт, а калі ён штосьці задумае, то абавязкова даможацца свайго, – працягвае спадарыня Людміла. – Ён стварыў кіберспартовы клуб, стаў яго дырэктарам: можа, таму яго і вінавацяць ва ўзломе сайту Менгарвыканкаму. Але дырэктар – гэта не праграміст, гэта менеджар. І ён гэтулькі аднадумцаў сабраў, такія шыкоўныя спаборніцтвы праводзіў. Ён малайчына, я ім ганаруся.

Кім Самусенка разам з жонкай Лесяй і дачкой Ладай. Фота з сямейнага архіву

У нашай дзяржаве я не магу абараніць ні дому, ні сваіх родных, нічога

– Ну, ідзі ўжо сюды, – Андрэй Самусенка кліча вялікага лагоднага сабаку, які далікатна, але настойліва спрабуе далучыцца да кола суразмоўцаў.

– Гэта наш Тагір, памочнік на паляванні. Ён пароды дратгаар і вельмі дарослы: паводле чалавечых мерак яму ўжо гадоў 80. Але ж дзіця, – усміхаецца спадар Андрэй.

– Ён вельмі гучны, але таварыскі сабака, – супакойвае гасцей гаспадыня. – Калі да нас уварваліся «губазікі» і пабачылі нашага Тагіра, дык пачалі страляць, дзякаваць богу, халастымі, – згадвае падзеі мінулай восені спадарыня Людміла.

Спадар Андрэй – патомны паляўнічы, з малога прывучаў да палявання і хлопчыкаў: хадзілі на качку і на зайца ў ваколіцах вясковага дому на рацэ Шчары. У выніку сыны сталіся паляўнічымі, з 18 гадоў мелі сваю зброю і хадзілі на паляванне самастойна.

Андрэй Самусенка з сабакам Тагірам.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Аляксей – яшчэ і зацяты рыбак: ён можа гадзінамі з вудаю сядзець. Я гэтага, канечне, не разумею, – смяецца спадар Андрэй. – Затое мы маглі гадзінамі чакаць кабана, бабра ці якога іншага звера, і няважна – мароз, не мароз.

Усю зброю ў сыноў забралі. На якой падставе, сям’і невядома.

– Бяда ў тым, што ў нашай дзяржаве я не магу абараніць ні дому, ні сваіх родных, нічога. Гэта вельмі дэпрэсуе…. Але мы будзем жыць і далей. Гэты тэатр абсурду скончыцца.

33-і дзень нараджэння Аляксей сустрэў у карцары

– Я сама адчыніла дзверы, калі пазванілі ў дзверы і сказалі, што міліцыя. Бо нашыя хлопцы ні ў чым не вінаватыя, нам не было чаго баяцца, – сцвярджае спадарыня Людміла. – Андрэя павалілі на падлогу, вывернулі плячо, мне твар рукамі заціснулі. Нават калі даведаліся, што Кіма ў нас няма, ён у суседнім доме кватэру здымаў, то ў нас ператрус усё роўна працягнулі.

Кіма збілі пры жонцы і дачцэ, забралі паляўнічую зброю, клубныя даспехі, камп’ютары і ўсю іншую тэхніку, нават страйкбольны прывод. А праз дзень тое ж адбылося ў сям’і Аляксея.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Нявестцы ўдалося паведаміць, што ў іх ператрус, а мы паспелі дабегчы да пад’езду, калі Лёшу выводзілі. І толькі змаглі яму сказаць, што мы яго любім. А што яшчэ скажаш?..

Бацькі былі ўпэўненыя, што сыноў вызваляць не пазней як праз 15 содняў, але браты Самусенкі ў турме ўжо чатыры месяцы.

«Дарагі паштальён» – так старэйшыя Самусенкі называюць адваката. Ад яго і ведаюць, што свой 33-і дзень нараджэння ў студзені Аляксей сустрэў у карцары.

– Я думаю, што вось гэтая загартоўка паляўнічага дапамагла яму цэлы месяц у студзені, калі быў такі мароз, вытрываць карцар, – спадзяецца спадар Андрэй.

Нам дапамагаюць з усіх бакоў, на кожным кроку падтрымліваюць

Шок. Так характарызуе спадарыня Людміла стан сваёй сям’і пасля затрымання сыноў.

– Сядзім утрох – я, Андрэй і сабака Тагір – і не ведаем, што рабіць.

Алеся – жонка Кіма – дзеля бяспекі з’ехала да бацькоў ва Украіну. Гэтак аднагадовая дзяўчынка расце без таты. З 5-гадовым сынам Аляксея «тэму таты» стараюцца не падымаць, каб дадаткова не траўмаваць хлопчыка.

– Тваю сям’ю парвалі на кавалкі і раскідалі: сыны недзе там, нявесткі недзе там, унукі недзе там. Усё, свет скончаны, – з жахам згадвае першыя дні Людміла Самусенка. Супакой прыйшоў, калі ад хлопцаў пачалі ісці лісты – «тое, чым сям’я жыве цяпер».

На фестывалі Аляксей з маці Людмілай. Фота з сямейнага архіву

– Сыны ў нас як былі героямі, так і засталіся, – кажа спадарыня Людміла. – Яны не толькі не жаляцца, але яшчэ нас падтрымліваюць. Пішуць, што адчуваюць за сабою праўду, не баяцца ніякага прысуду, бо не маюць за сабою ніякай віны. Пішуць, «вы павінны дачакацца нас без прыгодаў», – смяецца спадарыня Людміла.

Ганьбаю бацькі называюць тое, што адбываецца з іхнымі сынамі і з краінаю. І гэтую ганьбу яны «выкінуць са сваёй сям’і і з Беларусі». А яшчэ старэйшыя Самусенкі ўражаныя салідарнасцю і падтрыманнем сяброў, знаёмых і незнаёмых беларусаў:

– Неверагодная падтрымка! Напэўна, нам давялося б прадаць кватэру, інакш мы самі не справіліся б. Нам дапамагаюць з усіх бакоў, мы на кожным кроку маем гэтае падтрыманне. Мы вельмі ўдзячныя ўсім!

Людміла і Андрэй Самусенкі, бацькі Аляксея і Кіма.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Гісторыі
«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня
2020.12.21 08:11
Гісторыі
«Мама, я вытрымаю. Ты, галоўнае, не плач». Размова з сям’ёю палітвязня Арцёма Хвашчэўскага
2021.03.07 08:00

Галіна Абакунчык belsat.eu

Стужка навінаў