«Як прыпісаны да зямлі прыгонны». Якімі будуць наступствы новых правілаў прыёму ў ВНУ?


У Беларусі чарговы раз змянілі правілы прыёму ў ВНУ. Збольшага навацыі датычаць мэтавікоў – іх паболее. Напрыклад, на медычных спецыяльнасцях ім могуць аддаць да 90 % усіх бюджэтных месцаў. Гэтыя захады дазволяць заткнуць кадравыя дзіры, але нематываванымі работнікамі, сказаў у размове з «Белсатам» эксперт у галіне адукацыі Андрэй Лаўрухін.

Праца прыёмнай камісіі БДУ. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года.
Фота: БДУ / Twitter

Указ, якім змянілі правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, набыў моц у студзені, і ў сёлетнюю кампанію абітурыенты будуць «штурмаваць» універсітэты і інстытуты паводле новай працэдуры.

Самыя заўважныя змены закранулі «мэтавае рыхтаванне спецыялістаў». Раней мэтавікам аддавалі да 70 % ад усіх месцаў толькі на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях, то цяпер у пералік дадалі ветэрынарыю, рыбную гаспадарку і ахову працы.

Долю мэтавікоў у агульным ліку прыёму на медычныя ды іншыя спецыяльнасці захавалі (да 80 % і 60 % адпаведна). Але калі гаворка ідзе менавіта пра бюджэтную форму навучання, то тут лічбы вышэйшыя: мэтавікоў можа быць да 80 %, а на медычных кірунках – ажно да 90 %.

Для тых, хто хоча атрымаць адукацыю паводле скіравання, ухвалілі мінімальны ўзровень сярэдняга балу атэстата не ніжэй за 7. Праўда, гэта не датычыць «найбольш запатрабаваных эканомікаю спецыяльнасцяў», а таксама такіх кірункаў, як фізічная культура і спорт, сельская гаспадарка, ветэрынарыя, рыбная гаспадарка і ахова працы.

Пералік «запатрабаваных спецыяльнасцяў» вызначае Міністэрства адукацыі разам з міністэрствамі эканомікі і працы.

У большасці выпадкаў для паступлення мусіць быць конкурс сярод мэтавікоў. Цяпер яго змогуць зладзіць самыя арганізацыі, якім патрабуюцца працаўнікі. Такім чынам, калі нейкае прадпрыемства скіруе багата абітурыентаў і забяспечыць конкурс (больш за адну асобу на адно месца), то яно абавязкова атрымае выпускніка – у незалежнасці ад іншых арганізацыяў.

Hавiны
На завочку пасля школы – толькі са стажам. Паступленне для школьнікаў ускладнілі
2024.01.26 16:55

Медалістам цяпер можна паступаць без іспытаў толькі ў рэгіянальныя ВНУ і не на медычныя спецыяльнасці, міжнародныя стасункі, міжнароднае права, эканамічнае права, дзяржаўнае кіраванне, усходазнаўства, а таксама на кірункі, дзе творчасць і фізкультура – профільныя. Патрабуецца толькі здаць цэнтралізаваны экзамен за школьны курс.

У ВНУ ў Менску медалістаў возьмуць без іспытаў на «найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці».

Таксама пашырылі пералік спецыяльнасцяў, на якія свабодна (патрабуецца толькі сумоўе) могуць паступіць выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку.

Акрамя таго, урад атрымаў паўнамоцтвы вызначаць, выпускнікі якіх профільных класаў і на якія спецыяльнасці могуць паступаць без экзаменаў і толькі з сумоўем. Пашыраюцца магчымасці для паступлення ў спецыялізаваныя ВНУ выпускнікоў вайскова-патрыятычных класаў і клубаў.

Напрыклад, для сувораўцаў скасавалі мінімальную сярэднюю адзнаку атэстату пры размеркаванні для далейшай адукацыі ў ВНУ Міністэрства абароны, МУС, Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, Памежнага камітэту. Раней для гэтага трэба было мець вынік 7 і вышэй балаў.

План: Б
Тэрмін адпрацоўкі размеркавання пасля ВНУ павялічаць. Як пазбегчы такога рабства?
2023.12.11 17:15

Эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэй Лаўрухін у размове з «Белсатам» звярнуў увагу акурат на вялікую колькасць мэтавікоў у медычных установах. Такія выпускнікі мусяць адпрацоўваць не менш за 5 гадоў:

«Гэта такое акадэмічнае рабства. Цяпер гэта амаль пакаранне, як рэкруты ў армію, як прыпісаны да зямлі прыгонны. Гэта даволі жахлівая сітуацыя, бо адкупіцца будзе амаль немагчыма. Думаю, дзяржава можа выставіць рахунак за незанятае працоўнае месца: маўляў, вы маглі працаваць і прыносіць карысць дзяржаве цягам пяці гадоў, а вы гэтага рабіць не будзеце. Адпаведна, кошты могуць вырасці значна, калі хтосьці сыдзе».

Аналітык таксама адзначыў іншыя навацыі ў правілах прыёму: напрыклад, гарманізацыю адукацыйных прастораў Беларусі і Расеі.

«Грамадзяне Расеі і краінаў СНД могуць паступаць у беларускія ВНУ паводле спрошчанай працэдуры. Гэта спроба неяк прыцягнуць гэтых грамадзянаў у беларускія ВНУ, каб падвысіць лік студэнтаў і трохі забяспечыць бюджэты ўніверсітэтаў», – сказаў Лаўрухін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заняткі ў Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце.
Фота: БДМУ / Telegram

Разважаючы асобна пра мэтавікоў, якіх прывязваюць да працоўнага месца там, дзе бракуе работнікаў, суразмоўца «Белсату» згадаў некалькі хібаў такой практыкі. Яна хаця і дазваляе «заткнуць кадравыя дзіры», але не матывуе адмыслоўцаў:

«Як бы я ні вучыўся, працу дадуць, і як бы я ні працаваў, працоўнае месца ў мяне будзе. Гэта негатыўная рэч, што будзе мець доўгія наступствы. Чалавек, які будзе так сябе пазіцыянаваць у навучанні і працы, – гэта дрэнны чалавечы капітал. Не для развіцця эканомікі, а наадварот».

Як адаб’юцца новыя правілы на наборы мэтавікоў, прагназаваць складана, прызнае эксперт. У сем’ях, арыентаваных на Захад, рабства мэтавага навучання станецца яшчэ адным чыннікам на карысць таго, каб адправіць дзіця вучыцца куды-небудзь у ЕЗ адразу пасля школы.

З другога боку – тыя, каго цяперашняя сітуацыя ў Беларусі задавальняе, хто «ўбудаваны ў сістэму». Яны, хаця і не будуць асабліва радавацца перспектыве адпрацоўкі не там, дзе хочаш, а куды пашлюць, але на прапанаваныя ўмовы пагодзяцца.

«Як будуць паводзіцца людзі паміж гэтымі крайнасцямі – гэта сапраўды цікава. Дакладна немагчыма пакуль прагназаваць, але зразумела, што кошт адукацыі значна павысіўся. Вось такі сацыяльны кантракт, прапанаваны дзяржаваю: мы на такіх умовах можам вам прапанаваць адукацыю. Як будуць адказваць грамадзяне на гэта – пытанне адкрытае», – адзначыў Лаўрухін.

Эксперт схіляецца да думкі, што бальшыня нявызначаных будзе пагаджацца на новыя ўмовы:

«Няпростыя ўмовы эміграцыі, нявызначанасць сітуацыі, звязаная з вайною, прэсінг беларусаў у заходніх краінах – такія чыннікі не спрыяюць ад’езду. Асоба будзе ўзважваць: 5 гадоў адпрацоўваю, але я ў прафесіі, ці я з’еду невядома куды. Ваганне такое будзе ўзрастаць».

Аб’ектыў
Мінадукацыі пашырыла спіс ільготаў для абітурыентаў
2024.02.01 20:50

Фота вокладкі: Белсат

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў