Расейцы блізкія да пераразання Аўдзееўкі на дзве часткі. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 719-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат страляе з САУ ў напрамку Вялікай Навасёлкі ў Данецкай вобласці, Украіна. 9 лютага 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці фіксуецца актыўнасць абодвух бакоў канфлікту на розных участках фронту: Міністэрства абароны РФ піша пра тры адбітыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Тымкоўка; у сваю чаргу, Генштаб ЗСУ паведамляе пра няўдалыя атакі расейцаў у ваколіцах Іванаўкі і Табаеўкі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» сцвярджае, што на адным з участкаў ЗСУ выбілі праціўніка з займаных пазіцыяў. Акрамя гэтага, крыніца адзначае адноснае змяншэнне актыўнасці войскаў РФ на купянскім кірунку.

На суседнім ліманскім кірунку УС РФ атакавалі каля Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі.

У адказ Збройныя сілы Украіны контратакавалі, а таксама наступалі ў ваколіцах Ямпалаўкі і Дзібровы ў Данецкай і Луганскай абласцях адпаведна – зменаў лініі фронту не адбылося.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру ў бок суседняга гораду Часаў Яр.

Паводле Генштабу ЗСУ, тут цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі прынамсі 19 атакаў каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Між тым, прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша пра поспехі войскаў РФ на захадзе ад Бахмуту. Тут украінцаў адкінулі на адлегласць каля паўкіламетра па трасе О0506, якая ідзе з раённага цэнтру цераз Хромава ў бок гораду Часаў Яр. Цяпер баі ідуць каля прыпынку Вальянаўка.

Акрамя гэтага, УС РФ занялі лесапасадкі з поўначы ад трасы (на паўднёвым усходзе ад сяла Багданаўка) і Папоўскі лес на поўдні (на захадзе ад Хромава).

Таксама крыніца піша, што ў Багданаўцы расейцы вярнулі раней страчаныя пазіцыі ва ўсходняй частцы сяла.

Агулам адзначаецца, што сітуацыя для ЗСУ на гэтым участку фронту складаная, але кантраляваная, паколькі далей расейцам давядзецца наступаць у бок гораду Часаў Яр нізінамі.

Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын мяркуе, што штурм Часавага Яру расейцы пачнуць толькі пасля ўсталявання поўнага кантролю над Багданаўкай.

Ваенкар Сямён Пегаў піша, што таксама на бахмуцкім кірунку крыху прасунуліся на ўсходзе ад сяла Клішчыеўка (на поўдні ад раённага цэнтру).

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Пры гэтым найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў па-ранейшаму фіксуецца ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, са словаў украінскага камандавання, расейцы не менш за 42 разы атакавалі каля Танэнькага, Первамайскага, Невельскага і Аўдзееўкі, прычым на апошні населены пункт прыпалі прынамсі 23 атакі.

Аналітыкі праекту «Deepstate» гавораць, што на поўначы і поўдні гораду войскі РФ прасунуліся.

«Рыбарь», паводле стану на позні вечар 11 лютага, фіксуе далейшае заняцце расейцамі тэрыторыяў у прыватным сектары на паўночным усходзе Аўдзееўкі. Таксама, паводле крыніцы, ёсць імавернасць таго, што войскі РФ перайшлі чыгуначныя лініі і прасунуліся да «Аўдзееўскай аўтабазы».

Удзень 12 лютага Барыс Рожын напісаў, што баі ідуць у ваколіцах аўтабазы побач з Індустрыяльным праспектам (асноўная дарога, якая звязвае паўночную і паўднёвую часткі Аўдзееўкі). Аднак адзначалася, што УС РФ на той момант не мелі ўпэўненага кантролю над пазіцыямі за чыгункай.

Выданне «Bild» паведамляе, што таксама расейцы прасунуліся ў сяле Первамайскае, якое цяпер прыкладна на 40 % знаходзіцца пад іхным кантролем.

На мар’інскім кірунку цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ не менш за 32 разы атакавалі каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка. Зменаў лініі фронту не зафіксавана.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай абласцях)

На бярдзянскім кірунку атакі ЗСУ фіксуюцца каля сёлаў Вадзяное і Прыютнае. Нагадаем, раней каля першага населенага пункту войскі РФ прасунуліся на адлегласць да паўкіламетра.

Генштаб ЗСУ піша, што ў ваколіцах Прыютнага атакавалі і расейскія вайскоўцы, гэта сведчыць пра сустрэчны характар баёў на дадзеным участку фронту.

У Запарожскай вобласці працягваюцца баявыя дзеянні на поўдні ад гораду Арэхаў. Расейскі ваенкар Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў на паўночным усходзе ад сяла Навапрокапаўка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў