У Полацкай гарадской больніцы бракуе траціны персаналу


У Полацкай цэнтральнай гарадской больніцы не стае траціны персаналу. Пра гэта распавялі чыноўнікі і прадстаўнікі аховы здароўя на паседжанні медычна-санітарнай рады ўстановы, піша «Полацкі веснік».

Больніца ў Полацку.
Фота: «Полацкі веснік»

«У ДУЗ “Полацкая ЦГБ” працуюць больш за 2 тысячы асобаў. Укамплектаванасць больніцы паводле фізічных асобаў складае 62,6 %, паводле штатных адзінак – 91,75 %», – піша выданне.

То бок медперсанал працуе больш, чым на стаўку, але патрэбы больніцы ўсё адно не закрытыя. Утрымліваць кадры спрабуюць з дапамогай жытла.

«Важная дапамога ў замацаванні кадраў на месцах – наданне жытла. У 2023 годзе Полацкім райвыканкамам вылучана 8 арэндных кватэраў», – паведамляецца ў тэксце.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі адзначыў на радзе, што кадравае пытанне трэба неяк уладкоўваць у 2024 годзе.

«Важна ўладкоўваць актуальныя задачы. У іх ліку – укамплектаванасць кадрамі, высокатэхналагічным абсталяваннем. Медычныя працаўнікі заўсёды працуюць у напружаных умовах. І мінулы год не стаў выключэннем», – сказаў Вішнявецкі.

Праблема з медыкамі ёсць не толькі ў Полацку. У Калінкавічах у больніцы, напрыклад, тры гады няма анколага, высветліла летам 2023 года пракуратура.

Аналітыка
Фонд медычнай салідарнасці: «У Беларусі лекараў амаль у два разы менш, чым сцвярджае Мінздароўя»
2023.08.14 21:01

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў