Валерыя Касцюгова: Ніякага рэферэндуму ў прынцыпе быць не можа


Лукашэнка хочацца пазбавіцца патрэбы праводзіць выбары, лічыць Валерыя Касцюгова, даследніца беларуска-расейскіх дачыненняў з экспертнай супольнасці «Наше мнение». У інтэрв’ю Сяргею Пелясе палітолаг разважае пра тое ці інтэграцыя з Расеяй будзе хутчэй у сферы рыторыкі ды піяру ці могуць прыняць сур’ёзныя эканамічныя рашэнні. Што самае важнае сказаў Лукашэнка падчас Усебеларускага народнага сходу? Ці здольны рэжым правесці паспяховы рэферэндум? Ці пратрымаецца незаконны прэзідэнт на сваёй пасадзе да 2025 г.?

Галоўнае ў інтэрв’ю:

  • Ці магчымы расейскі крэдыт у USD 3 млрд. гэта ўсё навошта Лукашэнка паляціць да Пуціна?
  • Што Пуціну трэба ад Лукашэнкі?
  • Пазіцыя Крамля ў справе зменаў у Канстытуцыі Беларусі
  • Што прыклад беларусаў дапамог зразумець расейцам?
  • Ці Пуцін баяўся заражэння расейцаў беларускім вірусам рэвалюцыі?
  • Інтэграцыя гэта рыторыка і піяр ці будуць прымаць сур’ёзныя рашэнні?
  • Ці магчымы ў Беларусі паспяховы для Лукашэнкі рэферэндум?
  • Лукашэнка хочацца пазбавіцца патрэбы праводзіць выбары
  • Што самае важнае Лукашэнка сказаў на падчас выступу на Сходзе?
  • Фатальная памылка наменклатуры давяла сітуацыю да палітычнага выбуху
  • Пра шанцы Лукашэнкі пратрымацца да 2025 г.

Ужо з’явілася інфармацыя, што, хутчэй за ўсё, у Сочы пад канец лютага будзе весціся размова пра $ 3 млрд расейскага крэдыту для Лукашэнкі. Гэта ўсё, па што паедзе Лукашэнка ў Расею?

Гэта не галоўнае. Галоўнае – тое, што Пуцін яго прыме. Гэта знак падтрымкі і захавання партнёрства.

Hавiны
«Коммерсантъ»: Пуцін можа вылучыць Лукашэнку да 3,5 млрд долараў
2021.02.11 12:42

Як бы вы ахарактарызавалі павестку іхнага спаткання? Бо тое, што Лукашэнку трэба ад Пуціна, больш-менш зразумела. А што Пуціну трэба ад Лукашэнкі: супольная валюта, на якую намякаў Дзмітрый Мядзведзеў, ці прыватызацыя, якую згадваў сам Лукашэнка? А можа, штосьці яшчэ?

Я думаю, што і пытанні валюты, і пытанні прыватызацыі трэцярадныя. Вельмі важна, што Пуціну ад Лукашэнкі найперш патрэбнае таксама партнёрства. Але партнёрства, з гледзішча Крамля, трэба хоць часткова ачысціць ад негатыўнай рэпутацыі, якую Лукашэнка атрымаў апошнім часам. Натуральна, няма таго, каб ён быў легітымным прэзідэнтам, гэтага не трэба. Але каб ён не выглядаў зусім ужо вартым жалю.

Размова
Які план Лукашэнкі па трансфармацыі ўлады?
2021.02.11 08:02

Лукашэнка выступіў падчас адкрыцця УНС, і ёсць некалькі згадак, сярод іншага, звязаных з тэматыкаю Расеі. Паводле каментатараў, гэта значыць, што паглыбленай інтэграцыі, найхутчэй, не будзе. Зрэшты, пра гэта сведчыць і публікацыя выдання «Коммерсантъ»: маўляў, галоўнае – гэта крэдыт. І таксама Пуцін не будзе фарсіраваць змены ў Канстытуцыі. Як вы бачыце пазіцыю Масквы, Крамля перад гэтым спатканнем у справе зменаў Канстытуцыі Беларусі?

Насамрэч змена Канстытуцыі была спосабам, прапанаваным некім з беларускіх прадстаўнікоў у АБСЕ, калі верыць Пуціну. Калісьці яшчэ ў жніўні або верасні. Праглядалася гэта як хуткі спосаб нармалізаваць сітуацыю ў Беларусі, зрабіць яе больш стабільнаю. Магчыма, такой патрэбы ўжо і няма. Сітуацыя толькі нарастала, стабілізацыі не здарылася, і самае непрыемнае для Крамля, чаго баяўся з-за беларускіх пратэстаў, ужо адбылося ў Расеі. Пратэсты перакінуліся на Расею. Яны не перакінуліся, вядома, ад нас, але, паколькі ў прынцыпе такія рэчы, як сацыяльна-эканамічнае развіццё, носяць усё ж рэгіянальны характар, не лічыцца асабліва з межамі. Рэжымы ў нас падобнага тыпу. Прыклад беларусаў дапамог расейцам усвядоміць іхныя ўласныя праблемы.

ВІДЭА
Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?
2021.02.01 19:09

Мы бачым нават бел-чырвона-белыя сцягі падчас расейскіх пратэстаў. Мы таксама чуем лозунг «Жыве Беларусь», які выкрыкваюць расейцы. Здаецца, ніколі раней гэтага не было. У некаторым сэнсе расейцы заразіліся гэтаю заразай, у добрым сэнсе гэтага слова, беларускаю рэвалюцыяй. Гэта тое, чаго найбольш баяўся Уладзімір Пуцін?

Я не псіхолаг і не магу ведаць, чаго ён баіцца. Але, безумоўна, гэта важны палітычны фактар. У Расеі будзе выбарчая кампанія, якая адыгрывае значна большую ролю ў іхнай палітычнай сістэме, чымся наш Нацыянальны сход. Безумоўна, гэты выдатны беларускі падарунак не да месца.

Працягваючы тэму інтэграцыі, хацеў запытаць, як вы разумееце тое, што адбываецца апошнімі тыднямі, і тое, што можа адбыцца ў Сочы. Гэта толькі рыторыка, патрэбная для ўзаемнага палітычнага падтрымання Лукашэнкі з Пуціным? Ці варта чакаць нейкіх інстытуцыйных, сурʼёзных рашэнняў, звязаных са змяншэннем беларускага суверэнітэту, звязаных з нашай эканомікаю? Аб прыватызацыі Лукашэнка даволі адкрыта казаў, ён называў некаторыя прадпрыемствы, калі я добра памятаю. Гэта будзе ў сферы рыторыкі, каб прапіярыцца, падтрымацца, а канкрэтных рашэнняў пасля гэтага спаткання мы не дачакаемся?

Канкрэтных рашэнняў, думаю, на сустрэчы не будзе, але будуць пра гэта гаварыць. Прэзідэнты ніколі не прымаюць канкрэтных рашэнняў. Што датычыць самых рашэнняў, прыватызацыя – гэта вельмі агульны панятак. Нейкае прадпрыемства ці два могуць быць прададзеныя, але гэта не істотна. У нас бізнес-асяроддзе жудаснае. Ні ў каго ў такіх умовах няма асаблівага жадання набываць прадпрыемствы. Таму я думаю, што канкрэтныя рашэнні будуць якраз у галіне бізнес-асяроддзя. Расейскі бок ужо 20 гадоў кажа пра гарманізацыю падатковага заканадаўства, умоваў вядзення бізнесу ды іншых рэчаў. Я думаю, што расейскі бок працягне настойваць, і ў гэтым у іх шанцаў на поспех больш, чымся раней. На тое, каб атрымаць менавіта інстытуцыйную гарманізацыю ў сферы вядзення бізнесу. Тады можна казаць і аб прыватызацыі. А так які сэнс, што яны будуць купляць?

ВІДЭА
Якая інтэграцыя патрэбная Лукашэнку і Пуціну?
2021.02.12 10:29

Дазвольце запытаць пра гэтае «сацыялагічнае даследаванне», якім другі дзень хваліцца прэс-служба Лукашэнкі і ўся дзяржаўная прапаганда. Па-мойму, вельмі дзіўныя вынікі. Не тое, што яны несапраўдныя, гэта зразумела. З аднаго боку, падтрыманне і давер да Лукашэнкі даволі высокія – каля 65 %. З другога боку, беларусы, паводле гэтага даследавання, не хочуць зменаў у Канстытуцыі – 60 %. Як у гэтым сэнсе вы бачыце перспектыву магчымых зменаў у Канстытуцыю і правядзення рэферэндуму? Бо высокі давер да Лукашэнкі значыць, што можна праводзіць рэферэндум, які пройдзе на ўра. Але калі беларусы не хочуць зменаў у Канстытуцыі, то навошта тады рабіць рэферэндум?

Выбарчая сістэма зламаная, ніякага рэферэндуму ў прынцыпе быць не можа. Ніякае выдуманае сацыялагічнае даследаванне ці нават рэальнае не можа гарантаваць ніякага поспеху, бо беларусы цяпер ведаюць, што такое масавае галасаванне, як яно мяняе жыццё і палітычную сістэму. Пра рэферэндум гаворкі быць не можа. Усебеларускі народны сход у прынцыпе павінен неяк развязаць праблему далейшых галасаванняў: як пазбавіцца ад неабходнасці праводзіць выбары. Яны называюць яго прадстаўнічым органам. Я звяртаю вашую ўвагу: другім прадстаўнічым органам пасля парламенту. Парламент таксама абраць ужо немагчыма. Трэба неяк перадаваць паўнамоцтвы, неяк называць гэтых людзей, якіх абіраюць праз асаблівую працэдуру прадстаўнікі народу без галасавання.

Hавiны
Рэферэндум сумесцяць з мясцовымі выбарамі, а папярэдне перарэгіструюць партыі
2021.02.12 14:37

Гэта будзе нешта накшталт трэцяй палаты парламенту ці квазіпарламент, які насамрэч не будуць выбіраць наўпроставым галасаваннем. Гэта нагадвае нейкую азіяцкую дыктатуру, у якую мы ўсё больш скочваемся. Дазвольце запытаць пра выступ Лукашэнкі на сходзе: што кінулася ў вочы, што зацікавіла? Па-мойму, гэта даволі традыцыйны выступ, які зноў атакуе Захад, але пакідае магчымасць партнёрства. Таксама выказвае лаяльнасць расейскаму народу, Крамлю. Ці прагучала на гэтым сходзе штосьці новае, на што вы звярнулі ўвагу?

Для мяне самым дакладным і важным у ягоных словах было тое, што ён вельмі трапна параўнаў цяперашні час з развалам Савецкага Саюзу. Гэта праўда.

Аналітыка
Змяніць Канстытуцыю і памерці за Расею. Што трэба ведаць пра вынікі УНС-2021
2021.02.12 18:47

Адгрыміць сход, забудуць пра фэйкавыя сацыялагічныя даследаванні: што будзе бліжэйшымі месяцамі? Як вы бачыце палітычную сітуацыю ў Беларусі? Я маю на ўвазе магчымыя пратэсты ўвесну, магчымыя палітычныя дзеянні афіцыйнага кіраўніка.

Усе дзеянні ўладаў і Лукашэнкі кажуць пра тое, што наменклатура, ягоныя падданыя, найбліжэйшае кола, якое фактычна праваліла ягоную выбарчую кампанію, ахоўвала яго ад негатыўных эмоцыяў, давялі сітуацыю да палітычнага выбуху і крызісу, які не пераадолены. Усе яны вярнуліся на ранейшыя рэйкі і ўяўляюць сабою калектыўную Качанаву, якая проста хлусіць у вочы, кажучы, што ўсё ўжо добра. Відавочна, што гэта памылка. Відавочна, што самазаспакаенне нікому, тым больш дыктатару, які перажывае найвастрэйшы палітычны крызіс за ўсю сваю палітычную карʼеру, ніяк не можа дапамагчы ўтрымаць уладу. Гэтая лінія зразумелая. Там і сілавікі, і ўсе кажуць адно і тое ж: усё ў нас цудоўна.

Якою вы бачыце ягоную перспектыву? Ці пратрымаецца ён да 2025 года? Рэжым стабілізаваўся, але чатыры гады – гэта вельмі шмат.

Гэта залежыць ад нас, ад народу. Вядома, шанцаў у яго пратрымацца мала. Ягоная сітуацыя вельмі няўстойлівая, вельмі слабая. Але мы не ведаем, як павядуць сябе людзі.

Калаж з фота: Maxim Guchek, Alexei Nikolsky, Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 11 лютага 2021 г.

Стужка навінаў