ЗША і Вялікая Брытанія нанеслі ўдары па хусітах у Емене


Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія нанеслі ўдары з паветра і мора па хусіцкіх вайсковых аб’ектах у Емене 11 студзеня ў адказ на атакі на караблі ў Чырвоным моры, піша «Reuters».

Цэнтральнае камандаванне ЗША паказвае пачатак аперацыі супраць хусітаў.
Фота: U.S. Central Command / X

Відавочцы ў Емене пацвердзілі агенцтву выбухі па ўсёй краіне. А прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сваёй заяве ў чацвер папярэдзіў, што ў выпадку патрэбы не будзе вагацца ў прыняцці далейшых захадаў.

«Гэтыя мэтанакіраваныя ўдары – выразны сігнал, што Злучаныя Штаты і нашыя партнёры не пацярпяць нападаў на наш персанал і не дазволяць варожым субʼектам парушаць свабоду суднаходства», – сказаў Байдэн.

Гэтае папярэджанне было пасля нападу хусітаў на амерыканскія і брытанскія караблі 9 студзеня. Тады вайскоўцы перахапілі васямнаццаць беспілотнікаў, дзве крылатыя і адную балістычную ракету.

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў сваёй заяве адзначыла, што «здольнасць хусітаў пагражаць гандлёваму суднаходству падарваная».

Іран, які падтрымлівае хусітаў, асудзіў напады. Прадстаўнік хусітаў заявіў, што нападам няма апраўдання і што групоўка працягне атакаваць караблі, якія накіроўваюцца ў Ізраіль. Хусіты сцвярджаюць, што іхныя атакі на суднаходныя маршруты ў Чырвоным моры – гэта дэманстрацыя падтрымання палестынцаў і ісламісцкай групоўкі «Хамас», што кантралюе сектар Газа.

Расея заявіла, што зрабіла запыт наконт тэрміновага паседжання Рады бяспекі ААН для абмеркавання вайсковых удараў.

Міністр абароны ЗША Лойд Остын, які цяпер у лякарні праз ускладненні пасля аперацыі, у сваёй заяве паведаміў, што ўдары былі нанесеныя па рэсурсах хусітаў, у тым ліку па беспілотніках, балістычных і крылатых ракетах, берагавых радарах і сродках паветранага назірання.

У канцы 2023 года зʼявілася кааліцыя для абароны гандлёвых шляхоў у Чырвоным моры. Да яе далучылася больш за 20 краінаў. Аднак удары ЗША і Вялікай Брытаніі адбываюцца за рамкамі гэтай кааліцыі.

Некаторыя аператары пастанавілі перанакіраваць грузы ў абыход Афрыкі праз хусіцкую небяспеку. Маршрут праз Чырвонае мора і Суэцкі канал забяспечвае каля 12 % сусветнага марскога гандлю.

Аналітыка
Хусіты спыняюць Чырвонае мора, а ЗША збіраюць кааліцыю. Як гэта ўдарыць па гаманцах і свеце
2023.12.27 15:10

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў