«Улады вельмі моцна баяцца салідарнасці». Пра новаўвядзенні ў Крымінальны і Адміністратыўны кодэксы


Масавая зачыстка грамадзянскай супольнасці і ліквідацыя недзяржаўных установаў пачалася ўлетку мінулага года. Агулам на канец 2021 года налічвалася 275 зліквідаваных НДА, ініцыятываў і ўстановаў. Аднак на гэтым улады не спыніліся. Цяпер яны ўвялі крымінальную адказнасць за любыя дзеянні ад імя незарэгістраваных ці ліквідаваных арганізацыяў з рэальнай пагрозаю трапіць за краты.

Так, на Нацыянальным інтэрнэт-партале быў апублікаваны закон, паводле якога ў Крымінальны кодэкс уводзіцца артыкул 193-1, «Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае штраф, або арышт, або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка кажа, што рашэнне ўвесці такую крымінальную адказнасць было не зусім чаканае, – бо цяпер і так дастаткова рэпрэсіўных механізмаў, не важна, ці належаць грамадзяне да нейкіх арганізацыяў.

«Навошта ўладам спатрэбілася рэанімаваць з тым самым нумарам артыкул, які быў з 2006 да 2018 года? Сказаць, што гэта карэнным чынам нешта пераверне ў правапрымяненні, – то не, і да гэтага павольна заводзілі крымінальныя справы. Проста гэта дасць яшчэ адзін інструмент для рэпрэсіяў».

Сам цэнтр «Вясна» рэгістрацыі ў Беларусі ніколі не меў, да таго ж з нядаўняга часу яго інфармацыйную прадукцыю прызналі «экстрэмісцкай». Як кажа Сапелка, праца і самаго цэнтру зменіцца:

«Тая частка «Вясны», якая працуе за межамі Беларусі, – яна ў пэўнай ступені ў бяспецы, а тыя, хто застаецца ў краіне, – яны безабаронныя перад самавольствам, таму фармат працы зменіцца і будзе ўлічваць інтарэсы бяспекі валанцёраў і тых, хто быў сябрам арганізацыі. Ці будуць яны працягваць сваю працу – кожны з іх вырашыць сам, як і тое, у якім фармаце яны будуць гэта рабіць».

Артыкулы
Таццяна Гацура-Яворская: «Грамадскі сектар будуць зараўноўваць у асфальт, але ў пэўны момант штосьці зломіцца ўнутры сістэмы»
2021.07.15 14:59

Акрамя новага артыкулу ў Крымінальным кодэксе, уводзіцца і дадковая адміністратыўная адказнасць – за збор сродкаў для выплаты штрафаў. Такі пункт дадалі да «народнага» артыкулу 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Згодна з ім, цяпер за «збор, атрыманне, выкарыстанне грашовых сродкаў, іншай маёмасці… для мэтаў кампенсацыі расходаў, абумоўленых прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, – прыводзяць да накладання штрафу ў памеры ад 5 да 30 базавых велічыняў».

Сузаснавальнік ініцыятывы ўзаемадапамогі BY_help Аляксей Лявончык лічыць, што такім чынам улады проста жадаюць застрашыць людзей, якія атрымліваюць дапамогу, але ўпэўнены, што ім не хопіць рэсурсу адсочваць кожнага чалавека, які атрымаў дапамогу на выплату штрафаў, «бо такіх людзей ужо тысячы».

«Цяпер у краіне вельмі кепскае становішча, у краіне наспявае бунт. Калі не будзе грошай і гайкі закруцяцца настолькі, што чалавек проста не будзе разумець, за што ён атрымае па галаве ці не атрымае. Калі чалавек ужо не разуме, дзе правілы, а дзе правілаў няма, то ў такім выпадку людзі проста пачынаюць пляваць на гэтыя правілы».

Лявончык распавядае, што збор сродкаў і выплат штрафаў не спыняўся ніколі, аднак ён набыў іншыя фарматы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Нашая кампанія – сведчанне таго, што можна ціснуць колькі заўгодна, але попыт, які ёсць, мы задавальняем. Вядома, ён зменшыўся з піка кастрычніка – лістапада 2020 года, калі на дзень прыходзіла 300 заявак. Цяпер такога няма. Але пакуль народ будзе да нас звяртацца – мы будзем дапамагаць. У нас дагэтуль дзейнічае эфектыўная сетка аплатаў, і накрыць яе вельмі складана, толькі калі цалкам закрыць усю сістэму онлайн-плацяжоў у Беларусі. Але і ў гэтым выпадку ёсць іншыя шляхі».

Кіраўнік Фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак мяркуе, што такое рашэнне ўладаў прымаецца дзеля таго, каб спыніць хвалю салідарнасці, якая працягваецца са жніўня 2020-га.

«Цяпер людзі фактычна выводзяцца за межы законных дзеянняў, яны прыдумляюць, што гэта незаконна – збіраць дапамогу іншым і перадаваць яе, і што прыняцце такой дапамогі ёсць адміністратыўным парушэннем. Гэта якраз сведчанне таго, што ўлады вельмі моцна баяцца салідарнасці».

Андрэй Стрыжак адзначае, што механізмы атрымання дапамогі для пацярпелых да гэтага часу абсалютна бяспечныя і запэўнівае, што гэта ніяк не паўплывае на працу фонду.

«Адзінае, што тым, хто спрабуе ўнутры Беларусі праводзіць падобныя працэсы, – гэта будзе небяспечна. Бо калі ты ў зоне дасяжнасці ўладаў, то ёсць рызыка адміністратыўнага ці крымінальнага пераследу», – кажа Стрыжак.

Інтэрв’ю
«Крыптавалюты будуць папулярныя ў Беларусі, як і VPN». Размова з Андрэем Стрыжаком
2021.08.14 14:28

Паводле яго, улады не ў стане адсачыць усіх такіх дзеянняў, таму і ствараецца сістэма, каб спарадзіць страх у людзей, няўпэўненасць і трывогу.

«Гэта як і з крымінальнай адказнасцю за дзеянні незарэгістраванай ці ліквідаванай арганізацыі. Як гэта можна ўсё прасачыць? Ніяк. І сённяшні рэсурс уладаў не дазваляе ім бачыць абсалютна ўсяго, таму яны спадзяюцца, што людзі будуць самі сябе абмяжоўваць».

Новыя артыкулы кодэксаў пачнуць дзеяць з 21 студзеня.

Здымак вокладкі мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: novychas.online

АД, belsat.eu

Стужка навінаў