Каталікі і пратэстанцкія вернікі святкуюць Божае Нараджэнне


Напярэдадні свята Божага Нараджэння метрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з віншаваннямі да каталікоў і ўсіх хрысціянаў:

{movie}Тадэвуш Кандрусевіч віншуе вернікаў з Раством|left|8229{/movie}«У радаснае свята вітаю, дарагія браты і сёстры, нашыя суайчыннікі! Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Божага Нараджэння. Сёння мы адзначаем тое свята, сэнсам якога ёсць уцелаўленне Сына Божага. Бог не збавіў чалавека дзесьці звысоку, дзесьці з нябёсаў – Ён прыйшоў да чалавека, Ён хацеў быць чалавекам. Ён прыйшоў да нас у вобразе чалавека – з чалавечым сэрцам, чалавечым тварам, каб раздзяліць чалавечы лёс, каб дапамагчы чалавеку і каб потым, на дрэве крыжа, яго збавіць. Таму мы сёння адзначаем гэтае свята так урачыста, бо ведаем, што гэта пачатак ажыццяўлення Божага плану збаўлення. Мы ўдзячныя Богу за тое, што ягоны Сын адзінародны стаўся адным з нас, гэта знак Божай міласэрнасці. Кажуць, што Божае Нараджэнне – гэта пацалунак неба з зямлёю, і праз пацалунак мы выказваем свае пачуцці іншаму чалавеку. Тут Бог выказаў свае пачуцці, пачуцці любові да канца, бязмежнай любові адносна чалавека. Ён не пакінуў гэтага чалавека, які саграшыў, са сваім лёсам, са сваімі слабымі сіламі, але прыйшоў да яго, каб дапамагчы.

Віншую ўсіх, хто святкуе сёння ўрачыстасць нараджэння Сына Божага. Віншуем таксама нашых братоў праваслаўных, хто рыхтуецца да свайго свята. Розніца календароў, розніца абрадаў – гэта не розніца веры.

Радасных, вясёлых, шчаслівых святаў Божага Нараджэння! І няхай добры Бог, няхай немаўлятка Езус дабраславіць усіх нас, нашу Бацькаўшчыну ў наступным новым 2013 годзе. Са святам!»

belsat.eu

Стужка навінаў