Палітвязень з інваліднасцю Уладзімір Гундар не можа выходзіць з камеры, пакуль яму не перададуць мыліцы


Уладзімір Гундар адбывае пакаранне ў турме №4 у Магілёве, дзе яго трымаюць у адзіночнай камеры. У палітвязня інваліднасць – няма адной нагі. У мужчыны зламаліся старыя мыліцы, і пакуль не перададуць новыя, ён не можа выходзіць з камеры, паведамляе «Радыё Свабода».

Уладзімір Гундар за кратамі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Палітзняволенага краязнаўцу з Баранавічаў Уладзіміра Гундара перавялі ў магілёўскую турму №4 месяц таму. Да гэтага мужчына адбываў пакаранне ў калоніі №2 у Бабруйску.

Як распавяла дасведчаная крыніца, Уладзімір не мае магчымасці выходзіць на шпацыры. Мужчына перасоўваецца толькі на мыліцах, бо ў яго няма адной нагі. Але некаторы час таму на ягоных мыліцах сцерліся гумовыя наканечнікі і замяніць іх у турме няма чым.

«Уладзімір звярнуўся да сваякоў, тыя сабралі рэчавую пасылку, але ці дайшла яна, невядома. Ужо тры тыдні ад Гундара няма лістоў, адзіны званок быў у лістападзе. Сваякі толькі ведаюць, што пасылка была падпісаная, і спадзяюцца, што ён урэшце яе атрымае. Бо да таго прагулкі немагчымыя», – распавяла крыніца.

Таксама ад крыніцы вядома, што на пагаршэнне стану здароўя Уладзімір не скардзіўся і падчас апошняга з ім званку размаўляў бадзёра.

4 жніўня «Вясна» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляла, што Гундар распавядаў, што ў калоніі яму пагражалі збіццём.

Аналітыка
Палітвязень Уладзімір Гундар зноў галадае. Што вядома і чаму закрылі працэс у «справе Аўтуховіча»
2022.09.20 18:38

Палітзняволены Уладзімір Гундар – актывіст і краяўзнаўца з Баранавічаў, яму 63 гады. Актывіст мае інваліднасць праз адсутнасць адной нагі. Мужчыну затрымалі 30 снежня 2020 года і засудзілі агулам на 20 гадоў калоніі паводле некалькіх крымінальных артыкулаў у «справе Аўтуховіча»:

  • арт. 369 КК РБ – «Абраза прадстаўніка ўлады»;
  • арт. 366 КК РБ – «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак»;
  • ч. 1 арт. 285 КК РБ – «Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраванне ёй»;
  • ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК РБ – «Замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі ў так званай «справе Аўтуховіча» адбываўся ў закрытым рэжыме ў гарадзенскай турме № 1. Пачаўся працэс 18 траўня і цягнуўся пяць месяцаў. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»).

Разбор
За што ў «справе Аўтуховіча» такія жорсткія прысуды, аж да 25 гадоў?
2022.10.22 11:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў