Герой роліка пра «памідоры са смятанай» не выйшаў на свабоду


Менскага інжынера Анатоля Шалковіча, які стварыў мэм пра любоў да памідораў са смятанай, не выпусцілі на свабоду пасля 30 содняў арышту. Пра гэта паведамляе «Медиазона».

З якой прычыны ён застаецца за кратамі – невядома.

65-гадовага Анатоля Шалковіча затрымалі 11 лістапада, у дзень, калі яму споўнілася 65 гадоў. Мужчыну арыштавалі на 15 дзён паводле неназванага артыкулу. Але ў МУС заяўлялі, што ён вырабляў удома пратэставую сімволіку, якую потым «закідваў на дрэвы».

Інжынер Анатоль Шалковіч падчас запісвання сілавікамі «пакаяльнага відэа». Мужчыну затрымалі 11 лістапада 2021 года і арыштавалі на 15 дзён, але ён не выйшаў на волю з-за паўторнага пратаколу. Скрыншот: МУС РБ

«Пакаяльнае відэа» з удзелам спадара Анатоля зрабілася мэмам: мужчына тлумачыў, што любіць спалучэнне белага з чырвоным, бо любіць памідоры са смятанай, а ягоная жонка рудая, гэта таксама белы з чырвоным.

26 лістапада яго зноў пакаралі яшчэ 15 соднямі.

Актывіст Павел Батуеў.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Таксама не выйшаў на свабоду пасля адміністратыўнага арышту актывіст з Салігорску Павел Батуеў. Праваабаронцам стала вядома, што ўчора яго асудзілі яшчэ на 15 содняў.

Батуева затрымалі 23 лістапада. Вядома, што супраць яго была распачата крымінальная справа.

РР belsat.eu

Стужка навінаў