Таксама Наталлі не перадаюць лістоў, у якіх яе хваляць.
Як стала вядома «Белсату», брат Наталлі Хершэ атрымаў ад яе ліст, у якім палітычная зняволеная расказала пра абмежаванні ў ліставанні.
«Як ты ўжо заўважыў, мае лісты знішчаюцца таксама, калі я малюю смайлікі ці тры сэрцайкі, і адно з іх зафарбаванае, – піша Наталля брату. – А яшчэ знішчаюцца лісты, як мне сказалі, калі ў іх мяне хваляць.
На што я адказала, што падтрымку найшырэйшай масы насельніцтва я адчуваю на энергетычным узроўні, і вы ў мяне адабраць яе проста ніяк не можаце…
Я так разумею, што можна пісаць толькі пра надвор’е… Дык вось. У маёй камеры свеціць сонца, зараджанае тою самай энергіяй падтрымкі з волі, і я грэюся ў ягоных прамянях! Усім дзякую за салідарнасць!»
Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 года ў Менску падчас Бліскучага маршу жанчын. Калі Наталлю цягнулі ў аўтазак, яна паспрабавала зняць з сілавіка балаклаву. У выніку на жанчыну завялі крымінальную справу паводле арт. 363 КК РБ («Супраціў працаўніку ўнутраных справаў з ужываннем гвалту»). 7 снежня суд Савецкага раёну Менску пакараў яе 2,5 года зняволення ў калоніі.
Наталля двойчы абвяшчала галадаванне як пратэст супраць пазбаўлення карэспандэнцыі ды іншых парушэнняў правоў.
Напісаць Наталлі Хершэ можна на адрас: Турма № 4, вул. Крупскай, 99А, 212011, г. Магілёў.
АД / АА belsat.eu