СК распачаў крымінальную справу супраць ваяроў палка Каліноўскага


Галоўнае следчае ўпраўленне Беларусі завяло крымінальную справу ў дачыненні стваральнікаў і ўдзельнікаў добраахвотніцкага палка Каліноўскага, якія ваююць на баку Украіны. Іх вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання ці ўдзеле ў ім. Пра гэта паведаміла прэс-служба ведамства.

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемаю палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Як піша прэс-служба Следчага камітэту, «група беларусаў, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, Літвы і Польшчы, натхніўшыся ідэямі нацыяналізму і прытрымліваючыся шаблонаў шавінісцкай ідэалогіі ўзброеных груповак суседняй краіны, скааперавалася і стварыла так званы полк імя Кастуся Каліноўскага».

У ведамстве лічаць, што полк Каліноўскага створаны з мэтай «надаць узброены супраціў пры правядзенні спецыяльнай вайсковай аперацыі і для наступнага ўзброенага захопу ўлады ў Рэспубліцы Беларусь». Нібыта з дапамогаю сеткі тэлеграм-каналаў і чатаў заснавальнікі палка вербавалі беларусаў для ўдзелу ва «ўзброеных канфліктах, тэрарыстычнай дзейнасці, фінансаванні экстрэмізму і распальванні сацыяльнай ды ідэалагічнай варожасці ў грамадстве».

У дачыненні кіраўнікоў палка Каліноўскага, а таксама актыўных удзельнікаў заведзеная крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), якая прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Дакладная колькасць складу палка імя Кастуся Каліноўскага, які ўключае ў сябе батальёны «Літвін» і «Волат», невядомая. У сетцы ёсць інфармацыя, што ў ім каля 1000 чалавек.

ВІДЭА
Полк Каліноўскага – адзіная арганізаваная сіла, якая можа нешта вырашыць. Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком
2022.10.04 13:55

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў