Сёння Святлана Ціханоўская адзначае дзень нараджэння


11 верасня ў дэмакратычнай лідаркі і абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай дзень нараджэння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская падчас адкрыцця Скверу Вольнай Беларусі. Беласток, Польшча, 14 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Гэта ўжо чацвёрты дзень народзінаў, які Святлана сустракае не на радзіме, вымушана пакінуўшы Беларусь пасля сфальшаваных выбараў 2020 года. У эміграцыі яна з дваімі дзецьмі: дачкой Агніяй і сынам Карнеем. Ейны муж Сяргей Ціханоўскі быў арыштаваны ў траўні 2020-га і засуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі.

Знаныя беларусы ўжо публікуюць віншавальныя допісы ў сваіх сацыяльных сетках з нагоды дня нараджэння беларускай дэмакратычнай лідаркі.

Франак Вячорка: «Сёння святкуе дзень народзінаў Святлана Ціханоўская. Вядома, як заўжды, яна папрасіла ніяк не адзначаць і не рабіць ніякіх сюрпрызаў, але пост напісаць жа можна. Я вельмі ўдзячны Святлане за тое, што яна ўзяла на сябе вялізны цяжар адказнасці і нясе яго, нягледзячы ні на што. Дэманструе высакакласную палітыку, хоць і не мела ніколі раней палітычнага досведу. Зайздрошчу яе вытрымцы, цярплівасці, вынослівасці. А самае важнае, што яна ніколі не губляе чалавечнасці. Зычу Святлане хутчэйшай перамогі, вяртання дадому, вызвалення мужа. Жыве!»

Андрэй Стрыжак: «Сёння святкуе дзень народзінаў чалавек, на якога ў адзін момант звалілася найцяжэйшая ноша адказнасці за выбар людзей і ўвасабленне мары пра свабоду. Ціханоўская нясе гэты цяжар штодня, нягледзячы на хэйт, паразы і перашкоды. Гісторыя пра тое, як чалавек прыняў на сябе ролю, пра якую яшчэ ўчора нават і не думаў.

Наперадзе ў нас усіх, хто будуе новую Беларусь, яшчэ доўгі шлях, які мы ўсе павінныя прайсці з годнасцю. І вельмі важна ісці гэты шлях разам з годнымі і вартымі людзьмі.

Дзякуй за тое, што ты ёсць і за тое, што ты менавіта такая, якая ёсць.

Happy Birthday, Mrs. President»

Рэдакцыя «Белсат» далучаецца да віншаванняў і зычыць спадарыні Святлане вытрываць усе выпрабаванні, адчуць смак перамогі і як мага хутчэй вярнуцца ў новую Беларусь, каб разам з іншымі беларусамі рабіць яе па-сапраўднаму дэмакратычнай і свабоднай.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў